Свабода тлумачыць максымальна сьцісла, што адбывалася ў Курапатах 4 красавіка.
Што адбылося?
У Курапатах зранку 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў і пачалі ўсталёўваць плот. Улады сьцьвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна.
Паралельна са зносам крыжоў у Курапатах затрымалі 15 чалавек. Увечары частку іх выпусьцілі з адміністрацыйнымі пратаколамі і будуць судзіць.
Ці гэта законна?
Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Па стане на 21:00 4 красавіка публічна не апублікавалі і ня згадвалі дакумэнты, якія тычацца ўпарадкаваньня Курапатаў.
Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Як адрэагавалі людзі?
Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прышлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе раніцай зносілі крыжы.
Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.
Your browser doesn’t support HTML5