4 красавіка вызвалілі палітыка Зьмітра Дашкевіча, актывістаў Піліпа Шаўрова і Валера Рабцава. Гадзінай раней вызвалілі Валянціну Яроменак. Частка затрыманых знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
Пра вызваленьне мужа паведаміла каля 22 гадзіны ў Фэйсбуку Наста Дашкевіч.
Пазьней пра вызваленьне мужа, сустаршыні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца напісала ў Фэйсбуку ягоная жонка Вольга Севярыныц.
Што адбылося?
У Курапатах зранку 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў. Улады сьцьвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла гэта распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Падчас прэс-канфэрэнцыі 1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Прывядзём у парадак Курапаты, каб дэманстрацыі з крыжамі па пэрымэтры не было».
Як патлумачылі затрыманьні?
Піліп Шаўроў сказаў Свабодзе, што на іх склалі пратакол паводле артыкула 17-1 — гэта дробнае хуліганства. Нібыта «перашкаджалі працы будаўнікоў з прадпрыемства „Заслаўебудіндустрыя“, размахвалі рукамі і крычалі».
Ім адразу ўручылі позвы ў суд на 18 і 19 красавіка. Паводле Шаўрова, зь імі размаўляў начальнік РАУС.
«Нам сказалі, што хутка ўсіх вызваляць. Пакуль мы чакаем сяброў каля будынку Менскага РАУС на вуліцы Скарыны», — сказаў Піліп Шаўроў.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.