«Дзяцей ягоных не міне расплата!» — Някляеў напісаў верш пра Курапаты

Уладзімер Някляеў. Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах. 2018 год.

Паэт, былы кандыдат на прэзыдэнта, былы палітвязень Уладзімер Някляеў напісаў верш «Галгофа» з нагоды дэмантажу крыжоў у Курапатах і затрыманьняў актывістаў.

Ён падзяліўся ім на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

ГАЛГОФА

«На могілках у Курапатах... зносяцца незаконныя збудаваньні ў выглядзе крыжоў».
БелТА.

Ідзеш наперад — пазірай назад.
Былое стуль за будучыняй сочыць,
І калі ты яму зірнеш у вочы,
Убачыш там, як на Галгофу кат
Паперадзе сваёй ахвяры крочыць,
Або ідзе адразу ўсьлед за ёй...

О, Беларусь!.. Айчына!.. Што з табой?

Увесь свой шлях, свой час увесь, свой век
Ідзеш ты паміж дзьвюх крывавых рэк,
Напоўненых то Захадам, то Ўсходам,
І той, хто тут глуміўся над народам,
Цяпер яшчэ й над Богам чыніць зьдзек!..

Глянь на яго й жахніся, чалавек!
Ты чуеш стогны? Гэта Курапаты,
Дзе выварочваюць
крыжы з магілаў
каты!..
Так у вар’ятні вочы з-пад павек
Жахліва выварочваюць вар’яты.

Маліся! Бойся Бога, чалавек!
Як ні нявечыў час, ні рваў, ні сек,
Усё ж спазнала ў часе чалавецтва:
Страшней за ўсіх, якія ёсьць, калек,
Калецтва сэрца і душы калецтва!

Старонку гэту час не прагарне.
Хай нават летапісцы ўсе наняты,
Яшчэ гукнуцца кату Курапаты!..
Калі яго расплата абміне —
Дзяцей ягоных не міне расплата!

За сьвятатацтва, сатанінскі сьмех
На могілках, дзе стогн, дзе плач гаротны!..

Тут, на Галгофе,
Веха нашых вех.

Вялікі пост. Вялікдзень. Страшны грэх.
Сьмяротны грэх.
Як прыгавор сьмяротны.

4.04.2019, Берасьце.

4 красавіка ў Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў (паводле інфармацыі Зьмітра Дашкевіча). 15 абаронцаў Курапат затрымала міліцыя, а сам мэмарыял ачапілі. Каля 12 гадзіны дня пачалі ставіць мэталічную агароджу вакол мэмарыялу, гэтым займаюцца будаўнікі з Заслаўя.​