Алексіевіч: У Курапатах мы ўбачылі, што Лукашэнка не шукае нават у крытычны момант адзінства з народам

Сьвятлана Алексіевіч

Знос курапацкіх крыжоў і межы кампрамісу з уладай, украінскія выбары і брытанскі брэксіт, дэмакратыя і папулізм — пра ўсё гэта ў інтэрвію зь пісьменьніцай, нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч.

Сьцісла

  • Доўгая ўлада, у 25 гадоў, разбэшчвае. І чалавек губляе кантроль над сабой.
  • Сёньня ў Курапатах мы ўбачылі, што Лукашэнка не шукае нават у гэты крытычны момант адзінства з народам.
  • Яму здаецца, што ён сам-насам пераможа ўсходняга суседа, перахітрыць яго па-мужыцку. Няма вялікай стратэгічнай задачы.
  • Цяпер за ўсім стаіць цень Зяленскага. Ён цяпер будзе стаяць увесь час за сьпінай і Пуціна, і Лукашэнкі.

— Беларускія ўлады зносяць крыжы, усталяваныя ў Курапатах Зьмітром Дашкевічам. Зносяць толькі іх — крыжы, пастаўленыя раней, не чапаюць. Чаму гэта робіцца? Асудзілі гэтыя дзеяньні і праваслаўная, і каталіцкая цэрквы Беларусі. З прэцэдэнтаў узгадваецца толькі крыж у памяць ахвяраў сталінскага тэрору ў Кіеве, які сьпілавала некалькі гадоў таму актывістка руху «Фемен». Расея, скажам, зусім не дэмакратыя. Але не ўзгадаю, каб там улады зносілі крыжы. Дык чаму ж беларуская ўлада ў Курапатах зносіць хрысьціянскія крыжы?

— Акцэнт на тое, што зносяць толькі крыжы Дашкевіча, ня мае значэньня. Улада спрабуе, правярае, ці «зьесьць» гэта грамадзянская супольнасьць, ці не, правярае, ці ёсьць гэтая супольнасьць. Я зараз глядзела на фатаграфіі, якімі поўны інтэрнэт, калі трактар цягне па полі крыжы, яны там раскіданыя па ўсім полі — гэта робіць жахлівае ўражаньне. Гэта так і для праваслаўнага чалавека, і наагул для чалавека. Крыж — гэта сьвятая форма сувязі зь нябёсамі, з вышэйшай справядлівасьцю.

Доўгая ўлада, у 25 гадоў, разбэшчвае. І чалавек губляе кантроль над сабой. Яму здаецца, што ён усё ведае, усё разумее. У мяне ўсё часьцей узьнікае думка, грэшным чынам, што не сасьпелі ні мы, ні Расея, ні іншыя постсавецкія краіны да прэзыдэнцкіх рэспублік. У нас павінны быць толькі парлямэнцкія рэспублікі, каб лепшыя людзі разам выпрацоўвалі рашэньні. А даць уладу ў рукі аднаго чалавека — гэта было вялікай памылкай у 90-я гады.

— Парлямэнцкія рэспублікі не перашкодзілі прыйсьці да ўлады Мусаліні і Гітлеру.

— Так. Але ў нас іншая сытуацыя. Я памятаю гэтыя выдатныя дэбаты, якія былі на першых сэсіях Вярхоўнага Савету, людзі прыехалі ў Маскву з усіх куткоў краіны. Як разумна і добра яны гаварылі. Прэзыдэнт — гэта для нас на выраст, не на сёньняшні дзень. Мы бачым паразу ўсіх сваіх мараў і надзеяў. Мяркую, што ў гэтым вінаватая і форма праўленьня. Чамусьці мы вырашылі, што адразу можам стаць Амэрыкай ці Францыяй.

— Я прапаную паглядзець на сытуацыю шырэй. Нядаўна ў вашым інтэлектуальным клюбе адбылася дыскусія пісьменьнікаў Альгерда Бахарэвіча і Віктара Марціновіча на тэму «Цана кампрамісу». А якая вашая пазыцыя? Ці можна ісьці на кампраміс з уладай, якая зносіць крыжы? Ці любая ўлада — ад Бога, і кесару — кесарава?

— Тое, што кажаце вы, гэта больш вузкі погляд, чым той, што прапаноўвала я. Мы жывём у смутныя, цёмныя часы. Не хацелася б так гаварыць і казаць, але здаецца, што гэта надоўга. Хоць можа скончыцца і заўтра. Як жыць асноўнай масе людзей? Не Марціновічу, не Бахарэвічу, не Алексіевіч, а настаўніку, доктару, простаму чалавеку. Вы можаце ўявіць сабе, калі настаўніца прыйдзе ў выкладчыцкую і скажа, як сказаў Бахарэвіч: «Мы з вамі ворагі»? Я разумею кампраміс як форму існаваньня, каб захавацца. Ну прыйдуць жа новыя часы. Каб мець, што казаць дзецям, захаваўшы сваю годнасьць.

Цалкам інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч заўтра на сайце Свабоды.