Рымашэўскі паскардзіўся ў пракуратуру на міліцыянтаў, якія затрымлівалі яго на канцэрце да Дня Волі

Віталь Рымашэўскі пасьля вызваленьня

Сустаршыня аргкамітэта па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі падаў скаргу ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі яго 24 сакавіка на дазволеным мітынгу-канцэрце ў Менску ў гонар Дня Волі.

Як паведамляе агенцтва БелаПАН, у скарзе Рымашэўскі просіць правесьці праверку дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі на наяўнасьць прыкмет злачынства, прадугледжанага артыкулам 397 Крымінальнага кодэксу (Заведама незаконнае затрыманьне або заключэньне пад варту).

«Калі мяне затрымлівалі і калі адпускалі, ніхто не прадстаўляўся. Я нават не называю гэтае затрыманьнем. Пры гэтым прысутнічаў адзін міліцыянт, але ён ня ўмешваўся і ніяк не процідзейнічаў», — цытуе БелаПАН Рымашэўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітычная нацыя Беларусі сасьпела для прызнаньня Дня Волі

​Раней арганізатары канцэрту на Дзень Волі ў Менску вырашылі не плаціць міліцыі за кепскую ахову. ​Як паведаміў на Facebook адзін з арганізатараў менскага мітынгу-канцэрту на Дзень Волі, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, рашэньне аб адмове ад аплаты паслуг міліцыі зьвязана зь незаконнымі дзеяньнямі праваахоўнікаў. Заяўнікі накіравалі міліцыі пісьмовую прэтэнзію.

У Кіеўскім сквэры ў Менску 24 сакавіка прайшоў мітынг-канцэрт, прысьвечаны 101-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Імпрэза была арганізаваная паводле заяўнага прынцыпу — дазвол Менгарвыканкаму ня быў патрэбен, трэба было толькі аплаціць паслугі міліцыі, мэдыкаў і прыбіральнікаў. Але міліцыя, як мяркуюць арганізатары, ня справілася са сваёй задачай.

Прэтэнзіі арганізатараў, якія таксама агучыла ў стрыме на Facebook сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова, такія:

  • Невядомыя асобы — «людзі ў цывільным» — выкралі з пляцоўкі, якая была пад аховай міліцыі, былога лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча і сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага. Яны ня лічаць гэта затрыманьнем, бо «людзі ў цывільным» не прадставіліся і не назвалі прычынаў.
  • Супрацоўнікі міліцыі ў форме ня толькі адмовіліся рэагаваць на выкраданьне палітыкаў «людзьмі ў цывільным», але і не адказалі, хто каардынуе іхную працу ў Кіеўскім сквэры.
  • На выхадзе з пляцоўкі мітынгу-канцэрту міліцыянты незаконна забаранялі наведнікам выходзіць з разгорнутымі бел-чырвона-белымі сьцягамі, не адказвалі на просьбы патлумачыць забарону і пагражалі затрыманьнямі.
  • Міліцэйскае начальства заявіла, што колькасьць удзельнікаў перавысіла заяўленую — «да 1000 чалавек». Паводле міліцыянтаў, у Менску сабраліся да 1500 чалавек, калі днём раней у Горадні — 600. Губарэвіч сьцьвярджае, што «ўсё было роўна наадварот» (раней менскія арганізатары казалі, што налічылі 5-7 тысяч удзельнікаў).

Паводле першапачатковай дамовы зь міліцыяй, арганізатары мусілі сплаціць міліцыі 150 базавых велічыняў — 3825 рублёў. Пасьля «перавышэньня» — 250 базавых, або 6385 рублёў. Як расказала Кавалькова, міліцэйскае начальства прызналася, што самастойна не лічыла колькасьць удзельнікаў, а абапіралася толькі на заявы арганізатараў. Губарэвіч адзначыў, што паслугі міліцыі ўжо аплочваюцца грамадзянамі праз падаткі.

Рымашэўскі тым часам піша, што зьбіраецца таксама падаць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні «людзей у цывільным» — яго забралі, калі ён спрабаваў высьветліць, за што забралі Дашкевіча. Рымашэўскага адпусьцілі, «пакатаўшы» ў аўтобусе «людзей у цывільным» некалькі кругоў.

Дашкевіч знайшоўся ў судзе толькі праз два дні — аказалася, ён быў у ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна. Яго аштрафавалі на 1147,5 рубля за «заклікі да несанкцыянаванай акцыі» — на мітынгу ён прапаноўваў запаліць зьнічы ў Курапатах, ускласьці кветкі, а таксама прыходзіць да мэмарыялу, бо там цяпер пачасьціліся акты вандалізму.

Яшчэ адна затрыманая на менскім мітынгу-канцэрце, актывістка Натальля Басалыга, знайшлася ў судзе пасьля трох дзён у ізалятары. Яе спрабавалі асудзіць за «дробнае хуліганства» (нібыта «нахабна сябе паводзіла, гучна крычала, навязвала сваю прысутнасьць»), ды не змаглі (паказаньні сьведак-міліцыянтаў не супалі між сабой і з бачным на стрымах затрыманай) і адаслалі пратакол на дапрацоўку.