Падзеі 4 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
4 красавіка 1893 году нарадзіўся беларускі кампазытар і музыказнаўца Мікола Шчаглоў-Куліковіч. На лібрэта Натальлі Арсеньневай ён напісаў дзьве опэры: лірычна-рамантычную «Лясное возера» і гістарычную «Ўсяслаў Чарадзей», а таксама апэрэту «У вырай».
Падчас эміграцыі ў 1946-м годзе кампазытар арганізаваў вандроўны Беларускі тэатар эстрады, які аб’ехаў з канцэртамі ўсю Заходнюю Нямеччыну. У гэты час ён стварыў музыку да Сьвятой літургіі. Ад 1950 году жыў у ЗША, дзе выдаў пяць зборнікаў з апрацоўкамі народнага мэлясу і ўласнымі песьнямі. Сярод іх «Беларусь, наша маці-Краіна» і «Ў гушчарах» на вершы Натальлі Арсеньневай, «Пагоня» Максіма Багдановіча.
Таксама ў гэты дзень
1794 — пад Рацлавіцамі, каля Кракава, адбылася першая буйная бітва ў часе паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі. Паўстанцкае войска перамагло.
1949 — Бэльгія, Вялікая Брытанія, Нідэрлянды, Данія, ЗША, Ісьляндыя, Італія, Канада, Люксэмбург, Нарвэгія, Партугалія і Францыя у Вашынгтоне падпісалі Паўночнаатлянтычную дамову, якая паклала пачатак NATO.
У гэты дзень нарадзіліся
1557 — Леў Сапега, палітычны, грамадзкі і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.
1891 — Язэп Варонка, беларускі палітычны дзяяч, першы прэм’ер-міністар БНР. У 1923 эміграваў у ЗША, памёр у Чыкага ў 1952 годзе.
1967 — Алег Хаменка, беларускі музыка, лідэр гурту «Палац».
У памяці
1538 — памерла Алена Глінская, рэгентка Маскоўскага княства, жонка Васілія III і маці Івана Жахлівага.
1846 — памёр Лявон Бароўскі, літаратуразнаўца, пэдагог і публіцыст.
1968 — забіты Мартын Лютэр Кінг, амэрыканскі грамадзкі дзяяч, змагар з расавай сэгрэгацыяй у ЗША, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.