Старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Беларусі ў міжнародных справах Валер Варанецкі даў інтэрвію выданьню «Саюз-Эўразія» ў гадавіну падпісаньня дамовы аб утварэньні так званай «Супольнасьці Беларусі і Расеі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Беларусі ў Расеі назваў падатковы манэўр парушэньнем дамовы аб ЭАЭСПалову інтэрвію прысьвяцілі эканамічным пытаньням і патрабаваньню роўных умоваў гаспадараньня ў так званай «Саюзнай дзяржаве», а яшчэ палову — беларускай мове і стаўленьню да яе ў Беларусі і Расеі.
Гаворка пра мову пачалася з пытаньня пра фэйкі ў СМІ. Варанецкі адзначыў, што Інстытут міжнародных адносінаў Расейскай акадэміі навук прыйшоў да высновы, нібы з 2014 году Аляксандар Лукашэнка «ўсё часьцей зьвяртаецца да нацыяналістычнай рыторыкі». Варанецкі з гэтым не пагадзіўся — і спытаў, ці ведаюць у Расеі «нашую гісторыю, нашую культуру, нашыя традыцыі».
«У апошні час, напрыклад, некаторыя расейскія СМІ пачынаюць абвінавачваць нас у тым, што адбываецца мяккая беларусізацыя, — разважае Варанецкі. — Крытыкуюць за тое, што ў Беларусі больш увагі стала надавацца беларускай мове. Указальнікі, маўляў, і шыльды на вуліцах, у мэтро і на вакзалах на ім зьявіліся...
Слухайце, ну як да гэтага можна ставіцца? Было б сьмешна, калі б не было так сумна. Уявіце, калі б у нас у Беларусі пачалі крытыкаваць расейцаў за ўмацаваньне ролі расейскай мовы ў Расеі. У тым жа ключы, у якім яны крытыкуюць нас... Што б яны пра нас сказалі ці падумалі? І што сказалі б пра нас у іншых краінах?
Я асабіста задумваюся: а што ў галаве ў гэтых людзей, якія асуджаюць беларусаў за тое, што мы хочам размаўляць на сваёй роднай мове, на мове сваіх продкаў, імкнемся захоўваць і разьвіваць звычаі і традыцыі свайго народу?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гібрыдная беларусізацыя ЛукашэнкіВаранецкі сьцьвярджае, што расейскія дэпутаты яму тлумачаць: гэта за грошы пішуць «пазаштатныя пісакі-крытыканы». Але хто за гэта плоціць, Варанецкі ня ведае. Таксама дэпутат задаў рытарычнае пытаньне аб тым, чаму «беларусы перайшлі на расейскую мову навучаньня, зносінаў і сталі забываць мову сваіх дзядоў і прадзедаў».
Дэпутат адзначыў таксама, што продкі сучасных беларусаў зрабілі «неацэнны» ўнёсак у расейскую культуру і мову, згадаў ужываньне старабеларускай мовы ў Статутах Вялікага княства Літоўскага і Бібліі Скарыны.
«Мы вельмі добра ведаем гісторыю і культуру Расеі, — заявіў Варанецкі. — Рускія мова і літаратура сур'ёзна вывучаюцца ў нашых школах. Стаўленьне да іх — як да родных. А як з вывучэньнем беларускай гісторыі і літаратуры ідуць справы ў расейскіх школах? Або нашыя расейскія браты могуць пахваліцца тым, што гэтак жа валодаюць беларускай мовай, як мы — расейскай?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея — зараза!» і яшчэ 10 песень Саўкі ды Грышкі пра беларуска-расейскія адносіны. ВІДЭА