2 красавіка — Сусьветны дзень распаўсюду інфармацыі аб праблеме аўтызму. Сёньня ў Менску на сцэне Палаца прафсаюзаў пакажуць спэктакль сямейнага інклюзыўнага тэатра «І» «Восем пачуцьцяў, або Нараджэньне чалавека». Аўтар ідэі — Кастусь Жыбуль, сын беларускіх паэтаў Веры і Віктара Жыбуляў. Свабода пагаварыла з Кастусём і Верай.
«Я выбрала дапамогу дзіцяці»
Кастусь пайшоў у дзіцячы садок амаль у чатыры гады. Тады стала відаць, што ў камунікацыі зь іншымі дзецьмі ў яго ня ўсё ладзіцца. Гуляцца зь імі ахвоты ў яго не было. Часта паводзіны хлопчыка ўспрымалася як агрэсія.
Жыбулі пайшлі да доктара. Каб паставіць дыягназ, спатрэбілася некалькі месяцаў. Бацькі даведаліся, што ў Кастуся сындром Аспэргера.
Сындром Аспэргера — расстройства аўтыстычнага спэктру. Людзям з сындромам Аспэргера цяжка камунікаваць і ўзаемадзейнічаць зь іншымі. Ім няпроста данесьці да суразмоўцы ўласныя эмоцыі, і яны праяўляюць іх не заўсёды зразумелым спосабам. Ад клясычнага аўтызму сындром Аспэргера адрозьніваецца тым, што ў носьбіта не парушаныя інтэлект і маўленьне.
«Я выбрала дапамогу дзіцяці, але і працу вырашыла зусім ня кідаць — перайшла на палову стаўкі, — кажа маці Кастуся Вера Жыбуль. — Калі ў сям’і дзіця з аўтызмам, то рабіць кар’еру вельмі цяжка. У выключных выпадках гэта атрымліваецца — і такія бацькі сапраўдныя героі».
«Трэба ствараць інклюзіўныя школы»
Цяпер Кастусь вучыцца дома. Адзін год ён хадзіў у інтэграваную клясу звычайнай школы і з агульнаадукацыйнай праграмай спраўляўся лёгка. У інтэграванай клясе вучацца звычайныя школьнікі і чацьвёра-пяцёра дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця. Большасьць прадметаў кшталту матэматыкі, літаратуры, замежнай мовы выкладаюць асобна. А фізкультура, праца, маляваньне і музыка ў такіх дзяцей праходзяць разам з астатняй клясай.
«Гэта інтэграцыя, а не інклюзія, — лічыць Вера. — Бо дзеці ўсё ж адасобленыя, а інклюзія мае на ўвазе ўключэньне дзяцей у агульныя працэсы навучаньня».
На яе думку, беларуская школьная сыстэма да інклюзіі не падрыхтаваная. Ня кожны настаўнік можа працаваць у такіх клясах, бо такія дзеці ўвесь час перацягваюць на сябе ўвагу. «Я сама выкладчыца і ведаю, як цяжка працаваць, калі цябе ня слухаюць», — кажа Вера.
Настаўнікаў у інтэграцыйных клясах не арыентуюць на тое, што ў клясе будуць дзеці з асаблівасьцямі разьвіцьця. Як правіла, у беларускіх школах працуюць мэтодыкі, скіраваныя на калектыўную працу і высокія вынікі — хуткі тэмп навучаньня, добра арганізаваная калектыўная дзейнасьць, высокія мэты.
«Кастусь у такую сыстэму ня ўпішацца, — кажа Вера. — Да таго ж у яго вельмі хутка заканчваецца энэргія. Ён можа эфэктыўна папрацаваць толькі на трох-чатырох уроках. А ў дзяцей у 7-й клясе па 6-8 гадзін заняткаў. Столькі выседзець ён ня можа, таму найлепшы варыянт для яго — хатняе навучаньне».
Каб вырашыць гэтую праблему, Вера лічыць, што трэба ствараць школы, арыентаваныя на інклюзіўнае навучаньне. Настаўнікаў для такіх школ трэба рыхтаваць адмыслова.
«Гэта ўтопія, што дзіця з аўтызмам можна пасадзіць у любую школу, і ён будзе эфэктыўна працаваць. Я за тое, каб былі розныя школы, бо ўсе ж сапраўды розныя. Напрыклад, калі чалавек адчувае, што ягонае дзіця — калектывіст, то ідзе ў звычайную школу. Але было б добра, калі б былі і інклюзіўныя школы. Каб любыя дзеці маглі туды пайсьці і адукацыя там была ня горшая. Трэба пакідаць выбар усім», — кажа Вера.
«У тэатры працуе сапраўдная інклюзія»
Тры гады таму ў сямейны інклюзіўны тэатар «І» набіралі дзяцей з аўтызмам і запрасілі Кастуся. Так у яго пачаўся новы пэрыяд у жыцьці. Гэты тэатар існуе пры падтрымцы кампаніі Velcom ужо некалькі гадоў. У рэпэртуары — пяць спэктакляў, ідзе падрыхтоўка да шостага.
«У тэатры працуе сапраўдная інклюзія, — распавядае Вера. — Там няма ніякіх паніжаных патрабаваньняў да дзяцей з аўтызмам. Яны ўдзельнічаюць і ў досыць складаных спэктаклях разам са звычайнымі дзецьмі. Прычым некаторыя дзеці з аўтызмам іграюць і галоўныя ролі. З гонарам магу сказаць, што Кастусь — адзін з такіх».
У Кастуся шмат энэргіі, і яму пастаянна трэба яе выплюхваць. Часам у Кастуся зьяўляецца празьмернае эмацыйнае напружаньне і бацькі спрабуюць высьветліць прычыну.
«Патрэбен нейкі «палігон», — лічыць Вера. — Напрыклад, у школе на ўроках гэта высьветліць абсалютна немагчыма, а на тэатральных занятках — можна. «Палігонам» можа быць любы асяродак, які прыме такога чалавека і дазволіць яму быць такім, які ён ёсьць».
Спэктакль «8 пачуцьцяў, або Нараджэньне чалавека» — гэта восем навэлаў, прысьвечаных таму ці іншаму пачуцьцю. Ідэя спэктакля належыць Кастусю, да таго ж у пастаноўцы ён іграе адну з галоўных роляў.
Ідэя зьявілася ў хлопца на занятках з псыхолягам. Яму далі заданьне напісаць пра пачуцьці, і атрымаўся цыкль маленькіх апавяданьняў. Тэкст паказалі рэжысэрцы Ірыне Пушкаровай, і яна вырашыла паставіць па ім спэктакль. У напісаньні сцэнару Пушкаровай дапамагалі юная акторка і сьпявачка Злата Залеская і маці Кастуся, паэтка Вера Жыбуль.
«Мы проста пашырылі тэкст Кастуся, разгарнулі яго і дапісалі, — дзеліцца Вера. — На ідэю Кастуся нанізаліся плястыка, харэаграфія і музычныя нумары. Усяго ў спэктаклі задзейнічана каля 80 актораў».
Прэм'ера прымеркаваная да Сусьветнага дня распаўсюду інфармацыі аб праблеме аўтызму.
«Другога красавіка ў мяне дзень народзінаў, — кажа Вера. — Але ўжо некалькі гадоў мой дзень праходзіць не ў сямейным коле за сьвяточным сталом, а на прэм’ерах нашага тэатра ці іншых акцыях, прысьвечаных праблемам аўтызму. І няхай жа яно так і будзе, бо гэты дзень — магчымасьць расказаць пра тое, што людзі з аўтызмам насамрэч вельмі хочуць быць у грамадзтве і гэта ім вельмі патрэбна, але яны ня ўмеюць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я малюю ўсё, што ўнутры мяне і навокал». Незвычайныя карціны 13-гадовага мастака з аўтызмам