Вярхоўны суд Вэнэсуэлы заклікаў пазбавіць дэпутацкай недатыкальнасьці лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо, які сёлета абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам. Адпаведнае патрабаваньне было накіравана ў Нацыянальную асамблею, ляяльную прэзыдэнту Нікалясу Мадура.
У канцы сакавіка гэты ж суд абвясьціў аб адхіленьні Гуайдо з пасады сьпікера парлямэнту. Яму 15 гадоў забаронена займаць выбарныя пасады. Палітыка, якога ўлады многіх краін сьвету прызналі часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы, абвінавацілі ў карупцыі. Гуайдо назваў незаконным рашэньне структуры, падкантрольнай Мадура, якога апазыцыя і шэраг замежных краін лічаць нелегітымным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мадура пойдзе па трупах», — вэнэсуэльскі рэжысэр пра саюзьніка ЛукашэнкіУ сваю чаргу, Хуан Гуайдо зноў заклікаў жыхароў Вэнэсуэлы выйсьці на дэманстрацыі супраць праблем з водазабесьпячэньнем і адключэньняў электрычнасьці, якія працягваюцца ў краіне.
6 красавіка павінна пачацца першая фаза апэрацыі «Свабода». Як напісаў Гуайдо ў твітэры, гаворка ідзе аб стварэньні паралельных структур улады ў кожным рэгіёне, што, на думку апазыцыі, разам з вулічнымі выступленьнямі павінна прывесьці да падзеньня рэжыму Мадура.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Каракасе ўзброеныя людзі адкрылі агонь па пратэстоўцахВэнэсуэла перажывае глыбокі палітычны і эканамічны крызіс. За апошні месяц у краіне некалькі разоў адключалася электрычнасьць, адчуваецца недахоп харчаваньня і мэдыкамэнтаў. Масавыя акцыі пратэсту ў Вэнэсуэле пачаліся ў канцы студзеня — адразу пасьля ўступленьня Нікаляса Мадура на пасаду кіраўніка дзяржавы на другі тэрмін. Тады ж кіраўнік парлямэнту Вэнэсуэлы Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта. Яго падтрымаў ЗША, большасьць краін Эўразьвязу, а таксама Арганізацыя амэрыканскіх дзяржаваў. Улады Беларусі, як і Расеі, Кітаю, Турэччыны і Кубы, лічаць легітымнай дзейнага вэнэсуэльскага прэзыдэнта Нікаляса Мадура.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джон Болтан засьцярог іншыя краіны ад вайсковай падтрымкі Мадура