У Таджыкістане штодзень шэсьць непаўналетніх дзяўчат выходзяць замуж праз рашэньне суду

Ілюстрацыйнае фота

За мінулы год суды Таджыкістану выдалі каля 2500 дазволаў на шлюб непаўналетнім дзяўчатам. Такую статыстыку апублікаваў офіс Амбудсмэна на падставе зьвестак Вярхоўнага суду краіны, перадае таджыцкая служба Радыё Свабода.

Паводле заканадаўства Таджыкістану, шлюбны ўзрост надыходзіць з 18 гадоў (у 2010 годзе ўзьнялі з 17 гадоў). Але ў выключных выпадках — напрыклад, пры раньняй цяжарнасьці або цяжкай хваробе бацькоў — суд дазваляе дзяўчыне пайсьці замуж раней.

Жыхарка Душанбэ Зэбо выйшла замуж у 16 гадоў. Яна кажа, пасьля сьмерці бацькі маці было цяжка падымаць на ногі пяцёх дзяцей, таму Зэбо аддалі замуж за блізкага сваяка. Калі яе аднагодкі вучыліся ў 10-й клясе, Зэбо была ўжо цяжарнай і рыхтавалася да родаў. Кажа, пасьпявала па гаспадарцы, але была занадта юнай для мацярынства і сям'і. Цяпер Зэбо 25 гадоў, у яе два сыны. Яна шкадуе, што не змагла атрымаць вышэйшую адукацыю, яна ня мае добрай працы і залежыць ад мужа, які знаходзіцца ў працоўнай міграцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ў мяне ёсьць дзіця, якая ж я адзінокая?» Чаму ня трэба шкадаваць ці асуджаць «маці-адзіночак»

Раньнія і прымусовыя шлюбы дагэтуль ёсьць праблемай для таджыцкага грамадзтва, а апошнім часам сваты ахвотней шукаюць нявестаў, не старэйшых за 17 гадоў. Таджыцкі судзьдзя на ўмовах ананімнасьці сказаў Радыё Свабода, што многія бацькі злоўжываюць правам на выключныя выпадкі, прапісаныя ў законе.

«Усё яшчэ ёсьць выпадкі, калі дзяўчатак пасьля 9-й клясы не пускаюць у школу, рыхтуюць да шлюбу, зьвяртаюцца ў суд па рашэньне аб зьніжэньні шлюбнага ўзросту. Абгрунтоўваюць тым, што яны знаходзяцца ў цяжкай фінансавай сытуацыі ці ня могуць дапільнаваць дачку».

Праваабаронцы расцэньваюць такія шлюбы як парушэньне правоў дзяўчатак-падлеткаў, бо іх пазбаўляюць адукацыі і сацыяльнага росту. Але нярэдкія і выпадкі хатняга гвалту, таму што дзяўчынка не гатовая да сэксуальных адносінаў і сямейнага жыцьця. Да таго ж мужы не дазваляюць юным жонкам выходзіць на вуліцу, наведваць сваякоў, нярэдка б'юць іх. Такое стаўленьне, паводле праваабаронцаў, нярэдка прыводзіць да спробы суіцыду.

Акрамя таго, у Таджыкістане многія лічаць, што дзяўчына мусіць заставацца цнатлівай да шлюбу. Калі муж у першую шлюбную ноч выявіць, што гэта ня так, нявесту могуць выгнаць з новага дома, а бацькі могуць адмовіцца ўзяць яе назад. У Рэспубліканскі цэнтар судмэдэкспэртызы за мінулы год зьвярнуліся 22 мужчыны, якія сумняваліся ў цнатлівасьці нявесты і патрабавалі праверкі. Пры гэтым для тых, хто ўступае ў шлюб, з 2016 году абавязковыя мэдыцынскія агляды (афіцыйна — каб ня браліся шлюбам блізкія родзічы і людзі з генэтычнымі захворваньнямі, папраўдзе — каб таксама праверыць на ВІЧ, гепатыт і, паводле ААН, нярэдка на цнатлівасьць).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шлюбная дамова і алімэнты: што зьменіцца ў сямейным кодэксе

У Беларусі афіцыйны шлюбны ўзрост — таксама 18 гадоў. У «выключных выпадках» (цяжарнасьць, нараджэньне дзіцяці, набыцьця непаўналетнім поўнай дзеяздольнасьці да 18 гадоў) узрост шлюбу можа быць зьніжаны ня больш як на тры гады паводле заявы жаніха і нявесты (згоды бацькоў ня трэба). Паводле афіцыйнай статыстыкі, беларускія жанчыны ў сярэднім выходзяць замуж у 25,8 года, мужчыны жэняцца ў 27,9 года.