Вайскоўца тэрміновай службы Аляксандра Арлова знайшлі павешаным 5 верасьня. На ягонай шыі были дзьве стангуляцыйныя баразны. Родныя салдата адразу заявілі, што ня згодныя з вэрсіяй пра суіцыд.
Праверка па факце сьмерці вайскоўца скончылася толькі ў канцы лютага. Маці загінулага Вользе паведамілі, што ў гібелі яе сына няма сьлядоў крыміналу. Выпадак прызналі суіцыдам. У пачатку сакавіка Вольга была ў абласным упраўленьні Сьледчага камітэту ў Горадні, езьдзіла азнаёміцца з вынікамі праверкі. Аднак у СК жанчыне забаранілі рабіць копіі дакумэнтаў. Вользе стала дрэнна, са Сьледчага камітэту яна зьехала на машыне «хуткай».
У канцы сакавіка родныя загінулага салдата нечакана атрымалі ліст з Генэральнай пракуратуры. Там гаворыцца, што гродзенскі абласны СК расьсьледаваў сьмерць Аляксандра Арлова не ўсебакова, няпоўна і неаб’ектыўна. І паведамляецца, што 18 сакавіка Генпракуратура прыняла рашэньне накіраваць матэрыялы справы аб гібелі салдата на дадатковую праверку. Ёй будзе займацца Цэнтральны апарат Сьледчага камітэту.

Маці Аляксандра Арлова Вольга расказала Свабодзе, што не зьвярталася ў Генпракуратуру са скаргай на расьсьледаваньне сьмерці сына. Жанчына кажа, што вырашыла адразу напісаць у адміністрацыю Лукашэнкі асабіста кіраўніку краіны.
«Мне сказалі, што трэба тэкст ліста набіраць на кампутары. Што так лепш будзе, але мне не было дзе, — гаворыць Вольга. — Я ад рукі напісала пра ўсё, на чатырох лістах. Усё сваімі словамі. „Аляксандар Рыгоравіч, у вас жа сваіх трое сыноў, калі б на месцы майго сына быў павешаны ваш, справа ўжо была б закрытая, а забойцы сядзелі ў турме. А як калгасьнік, то справу можна закрыць і зрабіць так, што сам вінаваты“, — так і напісала. Што думала, так і напісала».
Ліст у адміністрацыю Лукашэнкі Вольга адаслала яшчэ да завяршэньня праверкі, на пачатку лютага. Гаворыць, што баялася нэгатыўнай рэакцыі сьледчых, аднак вырашыла ўсё ж напісаць. Прычынай такога кроку жанчына называе недавер да ходу праверкі. Па словах Вольгі, яна пакуль ня мела размовы з новым сьледчым у справе сына. Ліст з Генэральнай пракуратуры для яе стаў нечаканасьцю.