Гэта не першакрасавіцкі жарт, а афіцыйны адказ прадстаўніка Міністэрства адукацыі.
На сайце Petitions.by апублікаваны адказ намесьніцы міністра адукацыі Раісы Сідарэнкі на зварот аб увядзеньні ў беларускіх школах урокаў полавага выхаваньня.
Пэтыцыя тычылася «гінэкалягічных даносаў» — навіны аб тым, што мэдыкі будуць перадаваць міліцыі інфармацыю пра полавыя сувязі дзяўчат да 16 гадоў. Пра перадачу гэтых зьвестак міліцыі 15 лютага заявіў журналістам начальнік аддзелу па супрацьдзеяньні гандлю людзьмі УУС Менаблвыканкаму Яўген Дубаневіч. Але 20 лютага віцэ-прэм'ер ураду Беларусі Ігар Петрышэнка назваў гэта «укідам і беспадстаўнай сэнсацыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: А можа ўзрост полавай згоды падняць да сарака гадоў?У пэтыцыі называлі гэтую меру «абсурднай, неэфэктыўнай і шкоднай». Больш эфэктыўнай называлі курсы полавага выхаваньня — такія ўжо праводзяцца ў многіх краінах. Абавязковы курс для 5–7 клясаў, пішуць у звароце, дасьць дзецям і веды аб тым, як могуць быць расцэненыя іхныя дзеяньні сэксуальнага характару, і веды аб гігіене і здароўі.
«Інфармацыйны вакуўм, створаны некаторымі кансэрватыўнымі сямейнымі традыцыямі і табуяванасьцю тэмы ў адукацыйных установах вядзе, па нашых назіраньнях, да высокага ўзроўню падлеткавай цяжарнасьці і высокага ўзроўню захворваньняў, якія перадаюцца палавым шляхам», — пісалі ў звароце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі сорам: сэкс, мова, АлексіевічУ адказе Сідарэнкі пералічваюцца тэмы і курсы, якія ўжо ёсьць у школе:
- урокі «Асновы бясьпечнай жыцьцядзейнасьці» — у 5 клясе тэма «Здаровы лад жыцьця» (асабістая гігіена і гігіена харчаваньня), у 7 клясе тэма «Асабістая бясьпека» (сустрэчы зь незнаёмцамі) і «Навакольнае асяродзьдзе і бясьпека» (паводзіны ў крымінагенных месцах, паводзіны пры канфліктах);
- факультатыў «Мы самі» для 5–8 клясаў, накіраваны на фармаваньне «жыцьцёвай устойлівасьці да сацыяльна неспрыяльных фактараў», «каштоўнаснага стаўленьня да здароўя» сябе і іншых, «кіраваньня сваім эмацыйным станам», «пераадоленьня крызісных сытуацыяў», «праціўленьня» ўжываньню алькаголю, наркотыкаў, нікатыну, а таксама да «пазытыўнага мысьленьня» і «камунікацыйнай кампэтэнцыі»;
- факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры» для 1–4 і 5–9 клясаў, накіраваны на «духоўна-нораўнае выхаваньне на праваслаўных традыцыях беларускага народу», «разьвіцьцё самастойнасьці і асабістай адказнасьці за свае ўчынкі на аснове ўяўленьня аб запаветах, нораўных нормах і правілах».
- клясавыя гадзіны, сустрэчы з мэдыкамі і праваахоўнікамі, а таксама індывідуальная праца з пэдагогам-псыхолягам.
«Разам з тым адзначым, што Міністэрства адукацыі атрымлівае ад бацькоўскай грамадзкасьці супярэчлівыя меркаваньні адносна дадзенага пытаньня: ад падтрымкі выкладаньня навучальнага прадмету або факультатыўных заняткаў па полавым выхаваньні да катэгарычных пярэчаньняў супраць любых формаў выхаваўчай працы дадзенага накірунку для вучняў 5–7 клясаў», — піша Сідарэнка, але не адказвае наўпроставай адмовай на прапанову з пэтыцыі.