Выбары прэзыдэнта Ўкраіны праходзілі і на замежных участках, у тым ліку ў Менску. За імі давялося паназіраць карэспанэнту Свабоды — і карціна была нязвыклая для беларускіх рэалій.
Падчас падліку галасоў на ўкраінскіх выбарах назіральнікі бачаць і тое, як бюлетэні дастаюць з празрыстай урны, і тое, як іх раскладваюць па стосах. Можна і пачуць, як старшыня выбарчай камісіі называе, за каго голас у кожным бюлетэні, і гэта правяраюць два назіральнікі.
На беларускіх выбарах у Беларусі назіральнікі звычайна бачаць сьпіны (або выстаўленае ў бок назіральнікаў тое, што ў чалавека знаходзіцца ніжэй сьпіны) чальцоў выбарчай камісіі. Да самога стала, дзе вядзецца падлік, назіральнікаў не пускаюць. Адваротная карціна — падлік галасоў, а не «тылы» — бывае, ды нячаста. За спробу здымаць на відэа тое, што адбываецца на ўчастку, назіральніка могуць гвалтоўна выдаліць.