Кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны, актор Уладзімір Зяленскі, які, паводле папярэдніх дадзеных экзыт-полаў, набірае больш за ўсё галасоў выбаршчыкаў у першым туры выбараў, заявіў, што яму ўсё роўна, хто з кандыдатаў выйдзе зь ім у другі тур.
Актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі падзякаваў украінцам за падтрымку ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама выключыў магчымасьць перамоў зь лідэрам партыі «Бацькаўшчына» Юліяй Цімашэнкай аб патрымцы ўдругім туры.
«Я дзякую ўсім украінцам, якія сёньня галасавалі не па прыколе! Гэта пачатак шляху да вялікай перамогі», — заявіў ён.
«Мне ўсё роўна з кім быць у другім туры, дзякуй Богу, гэта ня я вырашаю, а народ Украіны», — сказаў Зяленскі 31 сакавіка пасьля апублікавання дадзеных экзыт-полаў.
«Адчуваю сябе нармальна, ёсьць невялікае хваляванне, я чалавек. Побач са мной, мая жонка, мае сябры... Гэта проста вельмі вялікая адказнасьць. Я разумею, што гэта такое, гэта адказнасьць», — сказаў Зяленскі у камэнтары для Радыё Свабода.
У сваю чаргу кіраўнік выбарчага штабу актора Іван Баканаў адзначыў, што цяпер важна абараніць вынік:
«Расслабляцца рана, таму што наперадзе падлік. На вялікі жаль, з рэгіёнаў паступае інфармацыя, што пэўныя парушэньні падчас выбарчага працэсу былі. Мы будзем сачыць за тым, што адбываецца ў рэгіёнах, адбываецца пры падліку галасоў».
На працягу дня выбарчы штаб Уладзіміра Зяленскага паведамляў аб тысячах парушэньняў, зарэгістраванымі іхнымі назіральнікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка да выбарнікаў Зяленскага: я пачуў ваш сыгналШто трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.