На росьпісе паказаная перамога воінаў Вялікага Княства Літоўскага над Тэўтонскім ордэнам пад Грунвальдам. Славутую бітву і праваслаўную царкву лучыць асоба князя Фёдара Астроскага і поле перад Каложай.
Фрэска на ўсю сьцяну, памерам прыкладна 2 на 6 мэтраў, зьявілася ў адной з аўдыторыяў нядзельнай праваслаўнай школкі каля Сьвята-Пакроўскага сабора. На ёй відаць князь Вітаўт, кароль Ягайла, князь Фёдар Астроскі, вялікі магістар Ульрых фон Юнгінген. Над творам каля двух месяцаў працаваў мастак Аляксандар Рыбін.
Ідэю настаяцель Сьвята-Пакроўскага сабора айцец Георгі Рой прывёз зь літоўскай Клайпэды. Там у свайго сябра-сьвятара ён убачыў падобны твор. Найбольш яго ўразіў абраз князя Фёдара Астроскага, які змагаўся зь нямецкімі рыцарамі ў Грунвальдзкай бітве, а пасьля стаў манахам і ўшаноўваецца праваслаўнымі як сьвяты.
У той момант, як прызнаецца айцец Георгі Рой, да яго прыйшло асэнсаваньне, наколькі важнай была гэтая бітва для Беларусі і Горадні.
«Гэтая вайна доўжылася амаль паўтара стагодзьдзі. Безьліч разоў крыжакі прыходзілі ў Горадню, штурмавалі горадзенскі замак, спальвалі нашыя вёскі, рабавалі нашую зямлю. Грунвальдзкая бітва паставіла кропку. Гэта была перамога», — адзначае ён.
Сьвятар адзначае, што гэта гісторыя, якую мы можам асэнсаваць ня толькі з грамадзянскага, але і з рэлігійнага пункту гледжаньня. «За перамогу пад Грунвальдам дзякавалі Богу нашыя продкі, а таксама можам дзякаваць мы, бо нашая зямля засталася нашай зямлёй».
Харугвы Вялікага Княства Літоўскага, якія ішлі на Грунвальд, зьбіраліся ў Горадні, менавіта на полі каля Каложы. Там сьвятары іх бласлаўлялі.
На думку айца Георгія, такую фрэску добра выкарыстоўваць для гістарычнага, патрыятычнага выхаваньня дзяцей і моладзі. Вучні нядзельнай школы ўжо актыўна разглядаюць твор, цікавяцца, хто на ім паказаны.
У нядзельнай школцы ўжо ёсьць фрэскі «Госпад Уседзяржыцель» і «Стварэньне сьвету». Наступнай плянуюць зрабіць выяву сьвятога Лявонція Карповіча, які выдаў першы беларускі буквар.