Літоўскія археолягі і гісторыкі ідэнтыфікавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага і яшчэ двух дзясяткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863–1864 гадоў. Радыё Свабода публікуе вынікі ўнікальнага дасьледаваньня.
Сьцісла
- Лідэрам антырасейскага паўстаньня амаль год (з траўня 1863 па сакавік 1864) выносілі сьмяротныя прысуды.
- 21 прысуджаны да сьмерці паўстанец быў пахаваны на гары Гедзіміна ў Вільні.
- Згодна з балістычнымі і антрапалягічнымі дасьледаваньнямі, адным паўстанцам прысудзілі шыбеніцу, іншым — расстрэл.
- Закопвалі пакалечаных, са зьвязанымі ззаду рукамі. Пасыпалі целы вапнай, што ўскладняе іх ідэнтыфікацыю.
- Расейскія царскія ўлады зраўнялі магілы зь зямлёй, каб не дапусьціць паломніцтва.
- Апоўзень на гары Гедзіміна ў Вільні ў 2016 годзе адкрыў таямніцы 150-гадовай даўніны.
- Раскопкі пачаліся ў студзені 2017-га.
- Перапахаваньне парэшткаў паўстанцаў заплянавалі на восень 2019 году на могілках Росы.
- Афіцыйныя ўлады Беларусі ігнаруюць гістарычныя знаходкі.
- Перапахаваць паўстанцаў плянуюць увосень у капліцы на віленскіх могілках Росы.
Як расказаў Свабодзе адзін з удзельнікаў раскопак Гіціс Грыжас, ужо празь некалькі дзён пасьля пачатку працаў адкрылася першая пахавальная яма, у якой, як цяпер стала зразумела, ляжаў Кастусь Каліноўскі.
«Гэта быў мужчына 25–26 гадоў, — расказаў літоўскі археоляг. — Ён ляжаў на баку, рукі за сьпіной зьвязаныя, цела аблітае вапнай. Пры ім знайшлі некаторыя прадметы: фрагмэнты абутку, гузікі, мэдальён з выявай Маці Божай Вастрабрамскай, а таксама раскладны мэдальён, унутры якога з аднаго боку крыжык з Хрыстом, з другога — моцна выцертыя, але пазнавальныя абрысы сьвятога Казімера».
Падрабязна чытайце ў вялікім артыкуле Свабоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА