Гэта можа азначаць, што расейскія вайскоўцы будуць дапамагаць прыхільнікам Мадура ў падпарадкаваньні сачэньня і абароне ўрадавай кібэрінфраструктуры.
Урад ЗША мяркуе, што расейскі вайсковы кантынгент, перакінуты ў Вэнэсуэлу на мінулых выходных, складаецца з прадстаўнікоў сілаў спэцыяльнага прызначэньня, у тым ліку «спэцыялістаў у кібэрбясьпецы», перадае «Голас Амэрыкі».
Неназваны амэрыканскі чыноўнік паведаміў Reuters у аўторак, што ЗША ўсё яшчэ ацэньваюць перакідку расейскіх вайскоўцаў, якую Вашынгтон назваў «безразважнай эскаляцыяй» сытуацыі ў Вэнэсуэле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыпляматычныя місіі Вэнэсуэлы ў ЗША пераходзяць пад кантроль ГуайдоЯк паведамляюць мясцовыя СМІ, два самалёты расейскіх ВПС прызямліліся пад Каракасам у суботу, даставіўшы каля 100 расейскіх вайскоўцаў.
Гэта адбылося праз два месяцы пасьля таго, як адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа адмовілася прызнаваць вэнэсуэльскага прэзыдэнта Нікаляса Мадура.
Урад Вэнэсуэлы пацьвердзіў, што два самалёты прыляцелі з Расеі на выходных з дазволу Мадура, але не паведаміла ніякіх падрабязнасьцяў.
Адміністрацыя Трампа прызнала апазыцыйнага лідэра Хуана Гуайдо законным прэзыдэнтам краіны і патрабуе адстаўкі Мадура. Расея ахарактарызавала гэтыя дзеяньні, як падтрыманую ЗША спробу перавароту, накіраваную супраць сацыялістычнага ўраду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ заявіла, што прадухiліла кібэратаку супраць Цэнтральнай выбарчай камісіі ЎкраіныКалі расейскі кантынгент уключае спэцыялістаў у кібэрбясьпецы, як мяркуюць ЗША, гэта можа азначаць, што часткай іх місіі зьяўляецца дапамога лаяльным Мадура сілам у правядзеньні сачэньня, а таксама абарона ўрадавай кібэрінфраструктуры.
Аказваючы ваенную дапамогу, у тым ліку даючы экспэртаў у галіне кібэрбясьпекі, Расея, верагодна, мае на мэце абараніць Мадура ад «зьмены рэжыму» і забясьпечыць устойлівую прысутнасьць Масквы ў Лацінскай Амэрыцы, паведаміла крыніца, знаёмая з ацэнкамі ўраду ЗША сытуацыі ў Вэнэсуэле.
МЗС Расеі, не ўдаючыся ў дэталі, заявіў у аўторак, што прысутнасьць «расейскіх спэцыялістаў» рэгулюецца пагадненьнем аб вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж дзьвюма краінамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вэнэсуэлу зноў прыляцелі расейскія самалёты з вайскоўцаміДзяржсакратар ЗША Майк Пампэо ў тэлефоннай размове са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым у панядзелак заявіў яму, што Вашынгтон «ня будзе абыякава назіраць», як Расея падтрымлівае Мадура.
Група Лімы, у якую уваходзяць некалькі амэрыканскіх дзяржаў, уключаючы Бразылію, Канаду, Калюмбію і Пэру, у аўторак выпусьціла заяву, у якой выказала занепакоенасьць прыбыцьцём вайсковых самалётаў у Вэнэсуэлу.
«Мы зноў асуджаем любыя ваенныя правакацыі або разгортваньні, якія пагражаюць міру і бясьпецы ў рэгіёне», — заявіла група, сфармаваная ў 2017 годзе для аказаньня ціску на Мадура.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША перасьцярог Расею ад умяшаньня ў справы ВэнэсуэлыАмэрыканскі сэнатар Боб Мэнэндэс, найстарэйшы дэмакрат у камітэце міжнародных адносінаў Сэнату, у аўторак накіраваў ліст Пампэо, у якім заклікаў яго вызначыць, ці павінны Вэнэсуэла, Куба і Нікарагуа падпасьці пад абавязковыя санкцыі ЗША ў сувязі з правядзеньнем значных транзакцый з расейскім абаронным і выведным сэктарамі.
Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле
- 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.
Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам
- Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
- Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
- 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура.
- 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
- У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
- 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
- Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
- Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
- У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
- У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.