Незадаволеная частка грамадзтва разглядае Дзень Волі ня столькі як сымбаль беларускага нацыяналізму, колькі як знак альтэрнатывы.
Сьцісла:
- Сёлета ўлады паспрабавалі выціснуць Дзень Волі ў маргінальны стан.
- Леташні экспэрымэнт у сьвяткаваньні юбілею БНР у цэнтры Менску прынёс уладам адмоўны вынік.
- Палітычная нацыя Беларусі сасьпела для таго, каб прызнаць Дзень Волі.
- БНР становіцца знакам палітычнай альтэрнатывы.
Чаму сёлета ўлады памянялі сваю пазыцыю адносна Дня Волі?
Летась нечакана для многіх улады пайшлі на экспэрымэнт. Ня тое каб яны падтрымалі сьвята, але занялі пазыцыю нэйтралітэту. Маўляў, ну няхай, калі ўжо вельмі хочацца, то пагуляйце. Сьвяткаваньне Дня Волі было дазволена правесьці ў цэнтры сталіцы. Улады пагадзіліся вывесіць мэмарыяльную дошку, прысьвечаную гэтай падзеі. Меркавалася, што гэта новы трэнд палітыкі ўладаў у межах канцэпту «мяккай беларусізацыі», ён будзе мець працяг, плаціну прарвала, нешта падобнае адбудзецца і сёлета. Таму арганізатары сьвяткаваньня гадавіны БНР замахнуліся нават на стадыён «Дынама».
Але Лукашэнка моцна астудзіў гарачыя галовы, улады відавочна далі задні ход. Сам Лукашэнка падчас «Вялікай размовы» 1-га сакавіка даволі груба адказаў на прапановы ўрачыстага сьвяткаваньня Дня Волі. Маўляў, сьвята БНР на «Дынама» — гэта для мяне абраза, ідзіце на Бангалор, мінулы год быў выключэньнем (100-годзьдзе). Таксама ўлады адмовіліся даць дазвол на ўстаноўку мэмарыяльнай дошкі. Плюс брутальныя, нематываваныя затрыманьні знакавых людзей.
Узьнікае лягічнае пытаньне: чаму Лукашэнка даволі рэзка памяняў сваю пазыцыю? Тлумачэньняў можа быць шмат. І тое, што мінулы год быў юбілей БНР, а цяпер толькі 101-я гадавіна. І нежаданьне лішні раз раздражняць Маскву ў момант вострага канфлікту зь ёй, даваць дадатковую падставу расейскім мэдыя абвінавачваць афіцыйны Менск у патураньні беларускім «бандэраўцам». І імкненьнем напярэдадні дзьвюх выбарчых кампаній абазначыць жорсткія рамкі паводзін для апанэнтаў. Усё гэта мае месца. Але, думаю, галоўнае ня ў гэтым.
Экспэрымэнт даў адмоўны вынік
На мой погляд, экспэрымэнт сьвяткаваньня юбілею Дня Волі летась даў для Лукашэнкі адмоўны вынік. Ён выявіў непрыемныя для яго рэчы. Думаю, кіраўнік Беларусі разьлічваў, што Дзень Волі — гэта сьвята толькі апазыцыі, «пятай калёны», «адмарозкаў», людзей, моцна заангажаваных у нацыянальную ідэю. А такіх, на ягоную думку, у краіне няшмат. Таму, калі на некалькі гадзін перанесьці апазыцыйнае гета з Бангалора да Опэрнага тэатру, агарадзіць турнікетамі, то нічога не памяняецца.
Але аказалася, што насамрэч усё зусім ня так. Перанос сьвяткаваньня ў цэнтар сталіцы быў успрыняты грамадзтвам як важны знак, сыгнал, як дазвол на пэўную фронду. І нечакана для ўсіх да Опэрнага тэатру прыйшло каля 50 тысяч чалавек. Наўрад ці лукашысты могуць сабраць сёньня столькі ж без прымусу.
Хоць сёлета ўлады націснулі на тармазы, тым ня менш 3-4 тысячы людзей на сьвяткаваньні ў Горадні, 2 тысячы ў Кіеўскім сквэры Менску — гэта нямала. Для параўнаньня, у некаторыя ранейшыя гады падобныя сьвяткаваньні зьбіралі ўсяго па некалькі соцень чалавек.
Прычым назіральнікі зьвяртаюць увагу, што большасьць удзельнікаў сьвята з Горадні былі расейскамоўныя. На сваёй фэйсбук-старонцы павіншаваў беларусаў са сьвятам вядомы IT-прадпрымальнік Віктар Пракапеня.
То бок можна зрабіць выснову, што палітычная нацыя Беларусі сасьпела для таго, каб прызнаць Дзень Волі. Ён пачынае выходзіць за межы гета. І галоўнай перашкодай на шляху гэтага працэсу стаіць адзін чалавек.
Дзень Волі — знак альтэрнатывы
Прычым здаецца, што большасьць навабранцаў і спачувальнікаў разглядае гэтае сьвята ня столькі як сымбаль беларускага нацыяналізму, далучэньня да этнакультурных каштоўнасьцяў, колькі як знак альтэрнатывы. Таму што лукашэнкаўская рэальнасьць абрыдла. Людзі прагнуць нейкіх пераменаў. І высьвятляецца, што ніякіх іншых сілаў, акрамя тых, хто трымае бел-чырвона-белы сьцяг («тупых опаў», як пішуць у сацыяльных сетках), у краіне няма. Добра гэта ці дрэнна для трансфармацыі Беларусі — іншае пытаньне. Але такая існасьць.
Здаецца, цяпер больш зразумелым выглядае адзін цікавы факт нядаўняй гісторыі. Кандыдатка на прэзыдэнта ад арганізацыі «Гавары праўду» Тацьцяна Караткевіч удзельнічала ў прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году зь вельмі памяркоўнай праграмай, прэтэндавала на статус «канструктыўнай апазыцыі». Што выклікала рэзкую крытыку ўсёй іншай апазыцыйнай супольнасьці. Але з гэтага выбарчага канструкту «Гавары праўду» выбівалася адна акалічнасьць. Каманда Караткевіч вяла кампанію пад бел-чырвона-белым сьцягам. Памяркоўная праграма і радыкальны сымбаль неяк дрэнна сумяшчаліся. Але справа ў тым, што для беларускага абывацеля бел-чырвона-белы сьцяг — гэта вядомы апазнавальны знак. Менавіта як прыкмета нечага іншага, знак альтэрнатывы. І дарэчы, на акцыях «дармаедаў» 2017 году таксама лунаў гэты сьцяг.
Думаецца, Лукашэнка інтуітыўна адчуў, што сьвяткаваньне Дня Волі паціху ператвараецца ў фактар палітычнай мабілізацыі ўсіх, хто стаміўся ад ягонага 25-гадовага панаваньня. І ўключыў стоп-сыгнал. Таму пад раздачу трапілі ня толькі Зьміцер Дашкевіч, лідэры апазыцыйных партый, але і легенды беларускай музыкі. Калі ставіцца задача прыбраць альтэрнатыву, выціснуць яе на маргінэс, то тут ужо не да цырымоній.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.