Хто пераможа на выбарах ва Ўкраіне: улада, апазыцыя ці трэцяя сіла, пакуль ніхто прадказаць ня можа. У гэтым унікальнасьць кампаніі ва Ўкраіне і яе адрозьненьне ад Беларусі ды Расеі.
Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне, якія пройдуць 31 сакавіка, ужо сталі рэкорднымі паводле ўсіх паказьнікаў — колькасьці кандыдатаў, назіральнікаў, кошту выбарчай рэклямы, кампрамату на асноўных прэтэндэнтаў і выкрыцьця схемаў фальсыфікацыяў. Палітычная барацьба абвастраецца з кожным днём.
Як выглядае выбарчая мазаіка Ўкраіны меней чым за тыдзень да дня галасаваньня?
Сацыялёгія — супярэчлівая, але фаварыты нязьменныя
Нягледзячы на тое, што ў выбарчых бюлетэнях будуць прозьвішчы 39 кандыдатаў на прэзыдэнта, асноўная барацьба разгортваецца ў межах «пяцёркі» — паміж дзейным прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам, бізнэсоўцам і акторам Уладзімірам Зяленскім, лідэркай партыі «Бацькаўшчына» Юліяй Цімашэнкай, кіраўніком партыі «Грамадзянская пазыцыя» Анатоліем Грыцэнкам і вылучэнцам Апазыцыйнай плятформы «За жыцьцё» Юрыем Бойкам.
Першынство, паводле ўсіх сацыялягічных дасьледаваньняў, ад пачатку выбарчай кампаніі стабільна мае Ўладзімір Зяленскі. Усе іншыя кандыдаты, залежна ад апытаньняў, пэрыядычна «мігруюць» з другога на трэцяе або з трэцяга на чацьвёртае ці пятае месца.
Паводле апошняга апытаньня, якое супольна правялі тры найбуйнейшыя ва Ўкраіне сацыялягічныя лябараторыі — Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі, група «Рэйтынг» і Цэнтар Разумкова, рэйтынг электаральных сымпатыяў выглядае такім чынам: сярод выбарнікаў, якія вызначыліся і возьмуць удзел у выбарах, плянуюць падтрымаць
- Уладзіміра Зяленскага — 27,7% выбарнікаў,
- Юлію Цімашэнку — 16,6%,
- Пятра Парашэнку — 16,4%,
- Анатолія Грыцэнку — 9,7%
- Юрыя Бойку — 8,4%.
Такія зьвесткі сацыёлягі атрымалі ў выніку апытаньня 15 тысяч рэспандэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы перад выбарамі: «Ня хочам, каб было, як у Беларусі»Упершыню за ўсю новую гісторыю незалежнай Украіны прэзыдэнцкія выбары выйшлі за межы традыцыйнай формулы «апазыцыя супраць улады». Удзел у гонцы непалітыка Ўладзіміра Зяленскага фактычна перавёў барацьбу ў сфэру змаганьня паміж старой і несыстэмнай палітыкай.
Відавочна адно — выбары прэзыдэнта Ўкраіны не абмяжуюцца адным турам, а трапіць у другі тур маюць шанцы ўсе зь першай «пяцёркі». Экспэрты нават не выключаюць, што і Ўладзімір Зяленскі можы сысьці з дыстанцыі, бо яго пераважна падтрымлівае палітычна неактыўная моладзь, якая можа проста не дайсьці да выбарчых участкаў. На гэта, дарэчы, спадзяюцца кандыдаты «другога эшалёну».
Нефарматная кампанія Зяленскага
Усе кандыдаты выкарыстоўваюць традыцыйныя формы агітацыйнай кампаніі — паездкі па рэгіёнах, сустрэчы з выбарнікамі, вонкавую рэкляму, удзел у тэлевізійных ток-шоў. І толькі Ўладзімір Зяленскі праводзіць «нефарматную» агітацыю — ён факусуецца на сацыяльных сетках, гастролях па краіне з гумарыстычным праектам «Квартал-95» і на здымках сэрыялу «Слуга народу», якія, у сутнасьці, і забясьпечылі яму рэйтынгавы посьпех. Новыя сэрыі фільму дэманструюцца ў апошні перадвыбарчы тыдзень, а ў «дзень цішыні» напярэдадні галасаваньня праграмы зь яго ўдзелам будуць трансьлявацца цягам усяго вечаровага прайм-тайму.
За увесь час кампаніі Зяленскі толькі тройчы сустракаўся з журналістамі, а 24 сакавіка за некалькі хвілін да эфіру адмовіўся прыехаць дзеля інтэрвію на адзін з украінскіх тэлеканалаў. Кандыдату закідаюць заступніцтва вядомага ўкраінскага алігарха Ігара Каламойскага, які не хавае антыпатыі да цяперашняга прэзыдэнта Пятра Парашэнкі. Што праўда, наўпроставае фінансаваньне выбарчай кампаніі актора Каламойскі зьняпраўджвае.
Але іншыя кандыдаты таксама карыстаюцца падтрымкай украінскіх алігархаў, якія падтрымліваюць фаварытаў, даючы ім эфір на тэлеканалах, уласьнікамі якіх зьяўляюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаўкі на прэзыдэнта. Як алігархі ўплываюць на выбары ва Ўкраіне
Расейскі фактар
Дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнку пазыцыянуюць як адзінага кандыдата, у перамозе якога не зацікаўленая Расея. А некаторыя прадстаўнікі каманды дзейнага прэзыдэнта наагул сьцьвярджаюць, што сярод кандыдатаў ёсьць толькі два — Парашэнка і «Пуцін», тым самым падкрэсьліваючы безальтэрнатыўнасьць выбару ва ўмовах расейскай агрэсіі супраць Украіны. На гэтым тыдні Ўкраіна ўзмацніла кантроль на мяжы — праз дадатковыя сумоўі праходзяць нават журналісты, якія маюць акрэдытацыю ЦВК.
Кібэр-паліцыя фіксуе з боку хакерскіх груповак, што маюць дачыненьне да Расеі, масавыя спробы распаўсюджваць віруснае праграмнае забесьпячэньне — у тым ліку і на сайт Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары прэзыдэнта ва Ўкраіне: у лідэрах — Зяленскі, але большасьць чакае перамогі ПарашэнкіСлужба бясьпекі дзяржавы ледзь не штодня паведамляе аб затрыманьні расейскіх агентаў, якія спрабавалі дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне напярэдадні выбараў, у тым ліку арганізаваць і тэракты.
Адначасова экспэрты асьцерагаюцца абвастрэньня сытуацыі на Данбасе: Міністэрства абароны заяўляе аб нарастаньні абстрэлаў цывільных сэктараў, у тым ліку і школаў.
У гэты час адзін з кандыдатаў на прэзыдэнта Юрый Бойка наведвае Маскву, дзе сустракаецца з прэм’ерам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым і кіраўніком «Газпрому» Аляксеем Мілерам, якія абяцаюць аднавіць наўпроставыя пастаўкі прыроднага газу ва Ўкраіну, што мае гарантаваць зьніжэньне камунальных тарыфаў. Грамадзкасьць патрабуе ад СБУ адкрыць паводле гэтага факту крымінальную справу.
З усіх фаварытаў прэзыдэнцкай гонкі толькі Юрый Бойка выступае за наўпроставыя перамовы з Расеяй і прадстаўнікамі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» для ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе.
Зяленскі, Цімашэнка, Парашэнка і Грыцэнка такія магчымасьці адкідаюць, а таксама пераконваюць, што не гатовыя ісьці на саступкі Расеі і ў пытаньні Крыму. Але яны ня бачаць неабходнасьці разрываць дыпляматычныхя дачыненьні з Расеяй (толькі Грыцэнка не выключае такога кроку). Зяленскі і Цімашэнка гатовыя да перамоваў з Расеяй толькі пры пасярэдніцтве дзяржаваў Будапэшцкага пагадненьня.
Паводле экспэртаў, менавіта Юрый Бойка быў бы найзручнейшым для Пятра Парашэнкі супернікам у другім туры — ва ўмовах вайны няшмат выбарнікаў гатовыя падтрымаць прарасейскага кандыдата.
Кандыдатаў шмат, але большасьць — тэхнічныя
Паводле ацэнак экспэртаў, з 39 кандыдатаў, што бяруць удзел у кампаніі, — большасьць выконваюць тэхнічныя функцыі для фаварытаў, найперш для Пятра Парашэнкі і Юліі Цімашэнкі, між якімі ідзе найвастрэйшая барацьба. Таму ня ўсе зарэгістраваныя прэтэндэнты вядуць актыўную выбарчую кампанію.
Журналісты падлічылі, што на карысьць Пятра Парашэнкі працуюць ад 15 да 19 тэхнічных кандыдатаў, а Юліі Цімашэнкі — ад 8 да 10.
Такія кандыдаты выконваюць некалькі функцыяў. Яны адцягваюць галасы ў канкурэнта, але галоўнае — дазваляюць увесьці ў склад выбарчых камісіяў, якія фармуюць менавіта кандыдаты, найбольш ляяльных людзей, каб забясьпечыць кантроль над камісіямі і адпаведна перашкодзіць або спрыяць фальсыфікацыям падліку галасоў. Часам грамадзяне Ўкраіны рэгіструюцца кандыдатамі, а потым на гэтым зарабляюць — перапрадаюць «свае» месцы ў выбаркамах фаварытам гонкі.
Найбольш яскравым прыкладам сёлетняй кампаніі ёсьць рэгістрацыя кандыдатам дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Юрыя Цімашэнкі — у бюлетэні ягонае прозьвішча будзе стаяць побач з прозьвішчам Юліі Цімашэнкі. Разьлік на тое, што выбарнікі схібяць пры галасаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 39 кандыдатаў у прэзыдэнты зарэгістраваныя ва Ўкраіне
Хто будзе сачыць за чысьцінёй выбараў
Ва Ўкраіне традыцыйна ў дзень выбараў праводзяцца экзыт-полы — апытаньні грамадзян на выхадзе з выбарчага ўчастку. Сёлета іх будзе два.
Украінскі цэнтар эканамічных і палітычных дасьледаваньняў імя Аляксандра Разумкова, фонд «Дэмакратычныя ініцыятывы» і Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі правядуць нацыянальны экзыт-пол. Яны плянуюць ахапіць 400 выбарчых участкаў і апытаць ня менш як 17 тысяч грамадзян.
Тэлеканалы «112 Украіна» і NewsOne, Інстытут сацыяльных дасьледаваньняў і кансультацыяў SORA (Аўстрыя), цэнтар «Сацыяльны маніторынг» і Ўкраінскі інстытут сацыяльных дасьледаваньняў правядуць Усеўкраінскае апытаньне з большай выбаркай — 25 тысяч рэспандэнтаў на 500 участках.
Вынікі абодвух экзыт-полаў будуць абвешчаныя адразу пасьля закрыцьця выбарчых участкаў — а 20.00 кіеўскага часу.
Адначасова грамадзянская сетка ОПОРА заявіла аб намеры правесьці паралельны падлік галасоў на падставе электронных копіяў пратаколаў. Яны плянуюць ахапіць 1,5 тысячы выбарчых участкаў і каля 3 мільёнаў выбарнікаў. Вынікі падліку стануць вядомыя 1 красавіка.
Аб намеры на наступны дзень абвясьціць вынікі галасаваньня паабяцала і партыя «Бацькаўшчына» — яе назіральнікі таксама будуць праводзіць альтэрнатыўны падлік галасоў.
У той жа час небясьпечным для легітымнасьці вынікаў робіцца меншы давер украінцаў да выбараў. Паводле дасьледаваньня аналітычна-кансультацыйнай кампаніі Gallup, у 2018 годзе толькі 12% грамадзян Украіны заявілі, што ўпэўненыя ў сумленнасьці выбараў. У 2014 годзе гэты паказьнік складаў 26%, а ў 2010-м — 20%. Менавіта на гэтым могуць спэкуляваць палітычныя сілы, якія ў выпадку паразы свайго вылучэнца будуць спрабаваць вывесьці прыхільнікаў на «новы Майдан».
Перамога і параза — два бакі адных выбараў
Усе фаварыты гонкі публічна выказваюць упэўненасьць у сваёй перамозе. Але прагназаваць магчымыя вынікі выбараў ва Ўкраіне не бярэцца ніхто — ні палітолягі, ні сацыёлягі, ні назіральнікі, ні прадстаўнікі выбарчых штабоў. Пераможца будзе па выніках двух тураў галасаваньня.
Дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка ўжо заявіў, што гатовы прызнаць якія-хаця вынікі выбараў.
«Я гатовы прызнаць перамогу ўкраінскага народу, бо справядлівыя выбары — гэта перамога ўкраінскага народу, хто б ні перамог», — заявіў ён.
Актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з замежнымі журналістамі катэгарычна заявіў: «Падымаць Майдан ніхто ня будзе. Крыві даволі ў нашай краіне».
Лідэрка партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка неаднойчы заяўляла, што Пятро Парашэнка ня можа перамагчы на выбарах без фальсыфікацыяў, таму, хутчэй за ўсё, яна, як і ў 2010 годзе, калі перамог Віктар Януковіч, паспрабуе аспрэчыць вынікі выбараў у судзе. Але для посьпеху яна мусіць прадэманстраваць бясспрэчныя доказы маштабных фальсыфікацыяў.
Як ні завершацца выбары, але ўжо відаць, што ніводны з лідэраў у выпадку пройгрышу сыходзіць з палітыкі не зьбіраецца. Увосень яны змабілізуюць высілкі, каб перамагчы на парлямэнцкіх выбарах — менавіта ў парлямэнце, згодна з Канстытуцыяй, знаходзіцца цэнтар улады: заканадаўчы орган краіны прызначае прэм’ер-міністра і склад ураду, якія маюць больш паўнамоцтваў, чым прэзыдэнт. Але нават абмежаваныя паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы не зьніжаюць вастрыні барацьбы на прэзыдэнцкіх выбарах.
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.