25 сакавіка адбылася сустрэча пасла РФ у Беларусі Міхаіла Бабіча з эканамістам, грамадзкім дзеячом Яраславам Раманчуком. Паводле Раманчука адной з тэмаў размовы была яго нядаўняя публікацыя ў «Беларускім партызане»: «Романчук о российском "мы вас кормим": Это ложь!»
Пасьля завяршэньня сустрэчы Яраслаў Раманчук распавёў пра яе ў інтэрвію Свабодзе.
Сьцісла:
- Бабіч: расейскія прапановы аб збліжэньні вынікаюць з тых запатрабаваньняў, якія ставіць беларускі бок.
- Беларускія прадпрыемствы могуць прэтэндаваць на такую ж падтрымку, як расейскія, калі стануць па сутнасьці расейскімі. Але гэта абражае беларускі бок.
- Расея пытаецца ў Беларусі: што вам трэба, чаго вы хочаце?
- Беларускі бок мяркуе, што Пуцін мае такую ж эканамічную ўладу ў Расеі, як Лукашэнка ў Беларусі.
- Калі Беларусь будзе настойваць на схемах, якія захаваліся з часоў Дзяржпляну, то праз 3-5 гадоў для беларускіх вытворцаў месца на расейскім рынку ня будзе.
— Гутарка працягвалася амаль дзьве гадзіны. Гэта была размова двух людзей, якія назіраюць за эканамічнымі працэсамі. Гутарка была вельмі грунтоўная, з дэталямі, з аргумэнтацыяй. Мы абмяркоўвалі, што стаіць за беларускімі заявамі аб сувэрэнітэце, за расейскімі заявамі аб саюзнай дзяржаве. Я хацеў зразумець расейскі пункт гледжаньня.
— Вы ў сваім артыкуле на «Партызане» фактычна напісалі, что заявы пасла, і ня толькі яго, што Расея корміць Беларусь — гэта хлусьня. Вы яго назвалі хлусам, як бы зьняважылі. А ён гэта спакойна ўспрыняў?
— Гэта не зьнявага. Гэта выснова з тых дамоваў, якія падпісаныя і дзейнічаюць паміж Беларусьсю і Расеяй. Пасол сказаў, што расейскія прапановы аб збліжэньні ў межах «саюзнай дзяржавы» — мыты, падаткі, грошы — вынікаюць з тых запатрабаваньняў, якія ставіць беларускі бок. Падатковы манэўр — гэта сувэрэнная справа Расеі. І я тут зь ім пагаджуся.
Расея датуе сваіх прамыслоўцаў на 1%. Беларускі бок кажа — давайце і нам пад 1%, мы ж у адзінай саюзнай дзяржаве.
Але калі дзяржава адзіная, то павінныя быць і адзіныя нормы кантролю за перасоўваньнем тавараў.
Калі расейскі бок кажа — давайце мы сумесна змагацца з кантрабандай, беларускі бок адказвае — давайце вы будзеце змагацца ў сябе, а мы — у сябе.
Гэтыя розныя падыходы фактычна вынікаюць з розных інтэрпрэтацыяў «саюзнай дзяржавы». Беларускі бок мае прэтэнзіі на пэўныя формы падтрымкі з боку расейскага бюджэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол-бухгальтар: «прымушэньне да незалежнасьці»Я крыху лепш зразумеў пазыцыю пасла і расейскага ўраду. Паводле іх, Расея і так шмат чаго робіць для Беларусі: падтрымлівае беларускіх вытворцаў, пускае іх на расейскі рынак, прадае больш танныя энэрганосьбіты.
Незразумела для расейцаў, чаму беларускі бок прэтэндуе на такую падтрымку, якую маюць расейскія вытворцы. Паводле Канстытуцыі РФ, такая падтрымка можа давацца выключна расейскім кампаніям.
Расейцы адказваюць: вы можаце прэтэндаваць на такую падтрымку, калі вы станеце па сутнасьці расейскімі. А гэта ўжо абражае беларускі бок, мы ж незалежная дзяржава.
— Яраслаў, вы сказалі, што вам стала больш зразумела, чаго хоча Расея. Міністар замежных справаў Уладзімер Макей паведаміў, што расейскі ўрад накіраваў беларускаму свае прапановы аб паглыбленьні інтэграцыі ў межах саюзнай дзяржавы. З размовы з Бабічам вам стала зразумела, чаго расейцы хочуць у ідэале?
— Мы не абмяркоўвалі палітычныя пытаньні. На ўзроўні эканомікі пазыцыя пасла, паводле яго гэта пазыцыя і Пуціна — Расея пытаецца ў Беларусі: што вам трэба, чаго вы хочаце? Калі вы хочаце мець крэдыты, як расейскія вытворцы, калі хочаце, каб кошты на энэрганосьбіты былі як у расейскіх спажыўцоў — тады трэба глядзець на саюзную дзяржаву як на прававы мэханізм ажыцьцяўленьня гэтага. Калі вы, беларусы, хочаце працаваць паводле схемы ЭАЭС — давайце працаваць па ёй. Дык так і скажыце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэвізія савецкай мінуўшчыны — той «чырвоны сьцяжок», за які Лукашэнка не пераступіць, — палітоляг— Дык а які зьмест тых прапановаў, якія атрымаў Менск з Масквы, пра якія казаў міністар Макей?
— Беларускі бок мае прапановы па прамысловай палітыцы. Каб расейскі ўрад забясьпечваў умовы збыту беларускай прадукцыі гэтак жа, як гэта робіць беларускі бок у сваёй краіне. Але расейскі ўрад, Пуцін гэтага ня могуць рабіць.
Ці вось пытаньне — удзел у тэндэрах, беларускіх кампаніяў — у расейскіх, расейскіх — у беларускіх. Тут мы бачым непараўнанальную перавагу, якую мае беларускі экспарт у РФ. Рынкавасьці тут не хапае. Беларускі бок мяркуе, што Пуцін мае такую ж эканамічную ўладу ў Расеі, як Лукашэнка ў Беларусі. Адсюль шмат спрэчак і непаразуменьняў. Палітычны кантэкст і правілы гульні зусім розныя. Злучыць вужаку і яжа ў адзіную гарманічную сыстэму немагчыма.
Бабіч закрануў таксама пытаньне аграрнай палітыкі. Ён нагадаў, што Расея забясьпечвае сваімі вытворцамі 85% рынку сельгаспрадукцыі. Паводле яго калі Беларусь будзе настойваць на схемах, якія захаваліся з часоў Дзяржпляну, то праз 3-5 гадоў для беларускіх вытворцаў месца на расейскім рынку ня будзе.
— Пасьля таго, як у сьнежні летась прэм’ер РФ Дзьмітрый Мядзьведзеў выступіў са сваімі інтэграцыйнымі прапановамі, адразу прагучаў адказ Менску — фактычнае «не». Было патлумачана, што гэта шлях да паглынаньня Беларусі, чаго Беларусь ня хоча. Спадар пасол, Расея, разумеюць, што адказ Беларусі — гэта «не». Ці яны лічаць, што гэтае «не» — гэта какецтва, гандаль?
— Пасол падкрэсьліў, што ніхто ў Расеі — ні Пуцін, ніхто іншы — ня ставіць пад сумнеў і пагрозу сувэрэнітэт Беларусі. Бабіч падкрэсьліў, што прапанова аб адзінай валюце, якая гучала з вуснаў міністра Сяргея Лаўрова і іншых расейскіх чыноўнікаў — гэта шлях. Масква разумее, што гэта працэс, гэта прагучала амаль гэтак жа, як пра гэта кажа і беларускі Нацбанк, і расейскі Цэнтрабанк. Яны кажуць, што да адзінай валюты трэба прайсьці доўгі шлях інтэграцыі сыстэмных інстытутаў.
Я спытаў пасла — пра які супольны рынак электраэнэргіі можна гаварыць, калі вы не пускаеце да сябе электраэнэргію з БелАЭС? Пасол адказаў — мы цану будаўніцтва АЭС зьнізілі ўдвая, сабекошт электраэнэргіі атрымліваецца 4 цэнты. Што мы яшчэ можам саступіць, каб зрабіць лепшыя ўмовы для беларускага боку? — спытаў пасол.
Патрэбны дыялёг паміж навукоўцамі, эканамістамі, каб больш праўды было ў двухбаковых адносінах. Клубок узаемных прэтэнзіяў такі вялікі, што расейскі бок інтэрпрэтуе гэта як адмову нават ад зоны свабоднага гандлю. А беларускі бок інтэрпрэтуе гэта як расейскае жаданьне паглынуць Беларусь.
Я сказаў паслу, што мы пажынаем плады практыкі апошніх 15 гадоў, калі размаўлялі паміж сабой чыноўнікі, палітыкі і манапалісты, а няма прысутнасьці ў гэтым дыялёгу эканамістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Інтэграцыйныя аб’яднаньні толькі пры захаваньні сувэрэнітэту» — Мясьніковіч адрэагаваў на беларуска-расейскую спрэчку— Асабліва ў прамовах Бабіча ўскосна прысутнічае нейкі альтэрнатыўны варыянт, маўляў, мы гатовыя мець справы з Беларусьсю, як з паўнацэным замежжам — з сусьветнымі цэнамі на ўсе тавары і паслугі, мытнямі і г. д. Расейцы прынамсі думаюць пра такі варыянт? На першы погляд Беларусь не гатовая да яго. А расейцы гатовыя?
— Паводле Бабіча, у Расеі няма дакладнага ўяўленьня пра тое, якімі стасункі павінныя быць у ідэале. Бо гэта залежыць ад таго, як гэта бачыцца Беларусі.
Мы дамовіліся стварыць экспэртную групу, якая б падрыхтавала даклад аб стане беларуска- расейскіх эканамічных адносінаў, каб рабіць нейкія высновы дзеля рэалізацыі прынцыпаў свабоды перасоўваньня — тавараў, паслугаў, капіталу і працоўнай сілы.
Яраслаў Раманчук быў запрошаны да ўдзелу 2 сакавіка ў «вялікай размове» з кіраўніком Беларусі, дзе адбылася спрэчка паміж эканамістам і Аляксандрам Лукашэнкам. 13 сакавіка адбылася сустрэча пасла РФ Міхаіла Бабіча зь лідэрамі грамадзка-палітычнага руху «Гавары праўду» Андрэем Дзьмітрыевым і Тацьцянай Караткевіч. Пазьней пасол анансаваў, што гатовы сустракацца з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.
14 сакавіка пасол Бабіч даў інтэрвію РИА-Новости, у якім завочна паспрачаўся з Аляксандрам Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных падчас «вялікай размовы». 15 сакавіка Міністэрства замежных спраў Беларусі рэзка адказала расейскаму дыплямату. 18 сакавіка шэраг незалежных СМІ Беларусі заявілі, што байкатуюць прэсавую канфэрэнцыю