У сталіцы Літвы пачаліся ўрачыстасьці ў памяць удзельнікаў паўстаньня 1863–1864 гадоў і 155-й гадавіны гібелі ягонага кіраўніка Кастуся Каліноўскага.
Званы віленскага касьцёла Сьвятых Якуба і Піліпа на Лукіскім пляцы ў цэнтры Вільні 22 сакавіка білі 155 разоў. Роўна 155 гадоў таму на гэтым пляцы расейскія акупанты пакаралі сьмерцю Кастуся Каліноўскага, паведамляе delfi.lt.
Так некалькі дзясяткаў актывістаў зь Вільні, Варшавы і Менску пачалі ўшанаваньне памяці ўдзельнікаў паўстаньня 1863–1864 гадоў і ягонага правадыра, беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага.
Урачыстасьць прайшла каля мэмарыяльнай дошкі пад драўляным разьблёным крыжам з выяваю Хрыста ў смутку на Лукіскай плошчы. Людзі трымалі беларускія нацыянальныя бел-чырвона-белыя і літоўскія дзяржаўныя сьцягі.
Сярод іншых прысутнічалі старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандар Адамковіч, дырэктарка Віленскага беларускага музэю імя Івана Луцкевіча Людвіка Кардзіс, кіраўнік Віленскага беларускага клюбу «Сябрына» Валянцін Стэх, а таксама кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Беларуская нацыянальная памяць» Анатоль Міхнавец, які зачытаў імёны палеглых інсургентаў.
«Пятніца — той дзень, калі расьпялі Хрыста, у той жа дзень „маскалі“ павесілі Кастуся. Я ня ведаю, які дзень быў 22 сакавіка 1943 году, але кожны сьвядомы беларус павінен памятаць, што ў гэты ж дзень акупанты-карнікі, толькі ўжо іншыя, не расейцы, а нямецкія, спалілі нашую Хатынь — яшчэ адзін трагічны сымбаль нашай шматпакутнай гісторыі», — заявіў падчас імпрэзы беларускі літаратуразнаўца і пісьменьнік Язэп Янушкевіч.
22 сакавіка 1864 году правадыр паўстаньня Кастусь Каліноўскі на загад генэрал-губэрнатара Паўночна-Заходняга краю Расейскай імпэрыі Міхаіла Мураўёва быў публічна павешаны на гандлёвай плошчы ў Вільні. Цела Кастуся Каліноўскага было таемна пахаванае на тэрыторыі вайсковага гарнізону на гары Гедыміна, каб не ператвараць ягоную магілу ў месца паломніцтва.
Парэшткі паўстанцаў былі знойдзеныя падчас археалягічных досьледаў у 2017 годзе. Паводле нядаўняй высновы дасьледнікаў зь Віленскага ўнівэрсытэту, з упэўненасьцю ў 95 адсоткаў можна сьцьвярджаць, што сярод знаходак ёсьць і парэшткі Кастуся Каліноўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве і Беларусі пачалі кампанію, каб надпісы на магілах паўстанцаў Каліноўскага былі і па-беларускуПерапахаваньне знойдзеных парэшткаў паўстанцаў 1863–1864 гг. у цэнтральнай капліцы на віленскіх могілках Росы літоўскія ўлады заплянавалі на восень 2019 году. У сакавіку стала вядома пра варыянт афармленьня надпісаў на надмагільлях паўстанцаў на літоўскай і польскай мовах. Дзевяць беларускіх грамадзкіх арганізацыяў Літвы, а таксама Віленскае аддзяленне руху «Саюдзіс» Літвы і Таварыства беларускай культуры ў Літве падпісалі агульны зварот да ўладаў Літвы і Беларусі наконт мовы надпісаў на магіле паўстанцаў 1863–1864 гг. У ім просьба «паспрыяць таму, каб на ўсіх магілах паўстанцаў зьявілася і беларуская мова».
Зварот падтрымаў і прапрапраўнук Адама Міцкевіча Раман Гарэцкі-Міцкевіч.
Урачыстыя захады дзеля ўшанаваньня памяці Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстаньня 1863–1864 гг. у Вільні працягнуцца 23 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адрасы сьвяткаваньня #БНР101 у Беларусі і за мяжой