Летась на БелАЭС выявілі 1,2 тысячы парушэньняў заканадаўства аб ахове працы

Будоўля Астравецкай АЭС, ілюстратыўнае фота

У 2018 годзе на будоўлі АЭС загінуў адзін рабочы, яшчэ трое атрымалі цяжкія траўмы. Пра гэта паведамляюць naviny.by са спасылкай на Горадзенскае ўпраўленьне дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі пры Міністэрстве працы.

У 2018 годзе інспэкцыя пры Мінпрацы правяла 203 праверкі будоўлі АЭС. У выніку 117 упаўнаважаных кіраўнікоў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці. Усяго на будоўлі за год выявілі 1,2 тысячы парушэньняў.


У асноўным гэта:

  • адсутнасьць кантролю за захадамі бясьпекі;
  • праца на вышыні без страховачных паясоў;
  • няправільнае складваньне матэрыялаў;
  • недахопы падчас эксплюатацыі абсталяваньня.

Летась на будоўлі АЭС загінуў адзін рабочы. Гэта супрацоўнік расейскага АТ «Сезам» у Беларусі. Трое рабочых былі цяжка траўмаваныя. У першым выпадку пацярпеў электразваршчык ААТ «Гомельтэхмантаж». Ён не выкарыстоўваў засьцерагальны пояс і каску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У прымежных зь Беларусьсю раёнах Літвы пройдуць вучэньні на выпадак магчымай аварыі на БелАЭС

У другім выпадку пацярпеў электраманцёр прадстаўніцтва расейскай інжынірынгавай кампаніі «АСЭ» у Беларусі з прычыны парушэньняў мераў электрабясьпекі з боку наймальніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі заявіла пра «кагнітыўны дысананс» адносна прэзыдэнткі Літвы і БелАЭС. Што гэта такое

У трэцім выпадку праз асабістую неасьцярожнасьць пацярпеў начальнік участка магілёўскага ТДА «Брандбудпраект». У падлозе была ненадзейна закрытая адтуліна, у якую ён праваліўся.