У Пухавіцкім раённым судзе пачаўся працэс над паэтам Славамірам Адамовічам, які стаў шырока вядомым у сярэдзіне 1990-х гадоў вершам «Убей президента», за які ён быў пакараны судом.
Цяпер Славаміра Адамовіча абвінавачваюць паводле 2-й часткі 205-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Крадзеж маёмасьці з пранікненьнем у жытло»). Яму пагражае да 4 гадоў зьняволеньня. Да заканчэньня суду Адамовіч будзе знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Сваю віну Адамовіч прызнаў цалкам і папрасіў у пацярпелага прабачэньня за тое, што зрабіў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славамір Адамовіч: «Цяпер за верш „Убей прэзыдэнта“ сядзеў бы не 10 месяцаў, а 10 гадоў як мінімум»Пацярпелым ад дзеяньняў Адамовіча прызнаны Сяргей Ляшчынскі, у якога ёсьць дом у вёсцы Цагельня Пухавіцкага раёну. У той жа вёсцы жыве і Славамір Адамовіч.
Паводле паказаньняў самога Адамовіча, ён прыкмеціў у вёсцы гэты дом, які палічыў закінутым, і ў адну з начэй у лістападзе 2018 году пранік у яго, узламаўшы замок ломам. Усяго з дома Ляшчынскага і ягонага хлява да 16 сьнежня 2018 году ён скраў больш за 20 рэчаў: адзеньне, мэблю, посуд, інструмэнты, прылады. Сьледзтва ацаніла іх кошт у 300 рублёў.
Сьпіс скрадзенага, паводле матэрыялаў сьледзтва:
- рыбалоўная сетка;
- плашч-палатка;
- рыдлёўка;
- 2 драўляныя крэслы;
- гумавыя боты;
- трумо;
- армейскі кіцель;
- куртка;
- 2 падушкі;
- фатэль;
- рогі лася;
- куфар;
- палявая торба;
- 5 талерак;
- 5 кубкаў;
- 8 чарак у выглядзе рыбак;
- рулён шпалераў;
- кружэлкі;
- 41 елачная цацка;
- 2 карціны;
- дамкрат;
- 2 гукавыя калёнкі;
- штора;
- кажушок;
- дывановая дарожка.
На судзе Адамовіч прызнаў, што скраў гэтыя рэчы, адмовіўся толькі ад таго, што нібыта скраў яшчэ і электрарухавік.
Назваў учынак «формай псыхалягічнай разрадкі»
Славамір Адамовіч паспрабаваў у судзе патлумачыць матывы сваіх учынкаў, якія сьледзтва лічыць злачынствам. Ён успомніў, што знаходзіўся ў вёсцы Цагельня ў сваім доме, працаваў над літаратурным творам і прытым прыгадваў, як яго затрымалі 25 сакавіка 2018 году ў Мар’інай Горцы. Тыя ўспаміны, паводле Адамовіча, не давалі яму супакоіцца. Тады яго пратрымалі 9 гадзін у міліцыі і ўжо тады нібыта заяўлялі яму пра датычнасьць да крадзяжоў з аднаго дома і падпалу другога.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паэта Славаміра Адамовіча будуць судзіць за крадзеж. Ён заяўляе пра «палітычны падтэкст»Гэта не давала яму спакою з таго самага часу.
«Мне трэба было выйсьці з псыхалягічнага ступару, бо я як пісьменьнік ня мог пісаць. Тая думка вісела, прыгнятала мяне», — сказаў Адамовіч і на ўдакладненьне судзьдзі прызнаў, што крадзеж тых рэчаў быў «формай псыхалягічнай разрадкі».
Судзьдзя Васілевіч спытаў у Адамовіча, якую мэту ён ставіў перад сабой, пранікаючы на лецішча Ляшчынскага і забіраючы адтуль рэчы? Падсудны зноў сказаў пра «псыхалягічны дыскамфорт», які не даваў яму спакою. Маўляў, дыскамфорт ад таго, што 25 сакавіка 2018 году яго затрымалі і вялі зь ім гутарку паводле дзьвюх крымінальных спраў.
У суд Славамір Адамовіч прыйшоў апрануты ў чорны касьцюм з бардовым гальшуткам-матыльком. Паэт сказаў, што яму сорамна перад пацярпелым, і папрасіў прабачэньня. Дадаў, што калі пранікаў у дом Ляшчынскага, дык спадзяваўся, што «вось-вось прыйдзе гаспадар, і гэта мяне спыніць, але той не прыходзіў».
Спаліў рэпрадукцыі карцін і зламаў прайгравальнік
У судзе выступіў і пацярпелы Сяргей Ляшчынскі, які працуе ў Менску ў Дзяржкамітэце экспэртыз. У вёсцы Цагельня жылі ягоныя продкі.
«Я зайшоў у дом і быў у шоку, — сказаў Ляшчынскі.— Ня толькі таму, што шмат рэчаў зьнікла, а што ў доме быў суцэльны пагром. Уявіце: велізарны куфар неяк выдралі са сьцяны, трумо, вялікія крэслы — як гэта магчыма было выцягнуць?! Сьляды ад валачэньня куфра цягнуліся ад дома да яра. Жах!»
Пацярпелы адмовіўся ад прэтэнзій да Славаміра Адамовіча, бо большасьць скрадзеных рэчаў той вярнуў. Пры гэтым Сяргей Ляшчынскі нагадаў, што ў яго ўсё ж згубіліся 2 рэпрадукцыі карцін (паводле матэрыялаў справы, Адамовіч спаліў іх у печы) і музычны прайгравальнік «Вега», які быў спраўны, а цяпер не працуе. «Хай будзе на ягоным сумленьні».
Славамір Адамовіч адмовіўся ад адваката, ён бароніць сябе сам.
У матэрыялах справы ёсьць пашпарт грамадзяніна Нарвэгіі на імя Адамовіча. Славамір пацьвердзіў, што дагэтуль зьяўляецца грамадзянінам і Нарвэгіі, і Беларусі.
Паводле экспэртызы, псыхічнай хваробы ў яго не было.
Раней Славамір Адамовіч у інтэрвію Свабодзе заяўляў, што ягоная справа сфабрыкаваная і мае «палітычны падтэкст».
Пракурор просіць два гады абмежаваньня волі. Пацярпелы прэтэнзій ня мае
Пракурор папрасіў для Славаміра Адамовіча 2 гады абмежаваньня волі («хатняя хімія») без накіраваньня ў месца адбываньня пакараньня.
Адамовіч у апошнім слове зноў прасіў прабачэньня ў пацярпелага. «Нават дараваньня за маральныя і матэрыяльныя праблемы, якія я стварыў пранікненнем у ягоны дом», — сказаў падсудны.
Пацярпелы сказаў, што прэтэнзій да Адамовіча ня мае.
Прысуд абвесьцяць сёньня а 17-й гадзіне.
Хто такі Адамовіч?
Беларускі паэт, грамадзкі дзяяч Славамір Адамовіч нарадзіўся ў 1962 годзе ў Архангельскай вобласьці ў сям’і беларусаў Юзэфы Чантарыцкай і Генрыха Адамовіча. Сям’я вярнулася ў Беларусь, калі сыну трэба было ісьці ў школу.
Працаваў на Беларускай чыгунцы, на станкабудаўнічым заводзе імя Kiрава ў Менску. Скончыў філялягічны факультэт БДУ, працаваў у «Настаўніцкай газеце». Адзін з заснавальнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя».
У 1995 годзе напісаў верш «Убей президента!», за які быў арыштаваны, трымаў сухую галадоўку. Праз 10 месяцаў выпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.
У жніўні 1997-га на апазыцыйным мітынгу ў Менску публічна зашыў сабе рот на знак пратэсту супраць уціску свабоды слова.
У 2000-м зьехаў у ЗША, працаваў на будоўлях. У 2002–2009 гадах жыў у горадзе Будэ (Нарвэгія) як палітуцякач. Вярнуўся ў Беларусь і пабудаваў дом у Мар’інай Горцы, адкрыў у ім галерэю «У Славаміра».
Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Выдаў зборнікі паэзіі «Кальварыйскія клёны», «Зямля Ханаан», «Зваротныя правакацыі», «Каханьне пад акупацыяй», «Сьпіраль Бруна», «Плавільшчыкі расы», «Турэмны дзёньнік», «Цана Эўропы, альбо Гісторыі Вільмана» ды іншыя.