Паролі значнай колькасьці карыстальнікаў Facebook былі даступныя для супрацоўнікаў сацсеткі і не былі абароненыя ад чытаньня, гаворыцца ў афіцыйнай заяве, якую распаўсюдзіла кампанія. У заяве, аднак, не назвалі дакладную колькасьць акаўнтаў.
Раней экспэрт у кампутарнай бясьпецы Браян Крэбс са спасылкай на неназванага супрацоўніка кампаніі паведаміў, што кампанія Facebook захоўвала паролі сотняў мільёнаў карыстальнікаў сацсеткі на сваіх сэрвэрах у адкрытым выглядзе. Паводле крыніцы Крэбса, гаворка ідзе пра паролі ад 200 да 600 мільёнаў карыстальнікаў.
Доступ да дадзеных быў у больш чым 20 тысяч супрацоўнікаў Facebook. Кампанія яшчэ спрабуе вызначыць, як доўга паролі былі даступныя супрацоўнікам, аднак некаторыя архівы з паролямі датуюцца 2012 годам, расказала Крэбсу крыніца.
Камэнтуючы паведамленьне Крэбса, супрацоўнік Facebook Скот Рэнфро сказаў, што ўнутранае расьсьледаваньне, праведзенае пасьля таго, як кампанія пра гэта даведалася, ня выявіла якіх-небудзь сьлядоў выкарыстаньня пароляў са злым намерам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Facebook расказаў, як хакеры скралі кантактныя дадзеныя 30 мільёнаў карыстальнікаўКампанія Facebook паведаміла, што няспраўнасьць, у выніку якой паролі захоўваліся ва ўнутранай сетцы, ліквідавалі.
Расьсьледаваньне выявіла, што ў асноўным праблема закранула карыстальнікаў Facebook Lite, аблегчанай вэрсіі «Фэйсбуку», якой, паводле кампаніі, «у асноўным карыстаюцца людзі ў рэгіёнах зь нізкім узроўнем падлучэньня да інтэрнэту». У Facebook заявілі, што апавяшчэньні пра тое, што здарылася, атрымаюць сотні мільёнаў карыстальнікаў Facebook Lite, дзясяткі мільёнаў карыстальнікаў Facebook, а таксама дзясяткі тысяч карыстальнікаў Instagram.
З пачатку 2018 году некалькі разоў станавілася вядома пра буйныя уцечкі дадзеных карыстальнікаў «Фэйсбуку» і пра кібэратакі на сацсетку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанія наклала на Facebook рэкордны штраф за уцечку дадзеныхФэдэральная гандлёвая камісія ЗША пачала расьсьледаваньне супраць Facebook у сакавіку 2018 году пасьля паведамлення аб тым, што брытанская кансалтынгавая фірма Cambridge Analytica незаконна атрымала дадзеныя 87 млн карыстальнікаў сацсеткі, каб выкарыстоўваць іх у палітычнай рэкляме ў розных краінах. Мяркуецца, што зьвесткі маглі быць выкарыстаныя ў ходзе выбарчай кампаніі ў ЗША ў 2016 годзе, а таксама падчас рэфэрэндуму аб выхадзе Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу (Brexit).
У красавіку і траўні 2018 году заснавальнік і кіраўнік Facebook Марк Цукербэрг у Кангрэсе ЗША і Эўрапарлямэнце прызнаў памылку і прынёс прабачэньні за уцечку дадзеных. У пачатку 2019 году Цукербэрг абвясьціў пра рашэньне сканцэнтравацца на забесьпячэньні надзейнасьці і абароны інфармацыі карыстальнікаў.
У сакавіку 2019 году фэдэральная пракуратура ЗША пачала крымінальнае расьсьледаваньне ў сувязі з паведамленьнямі аб продажы кампаніяй Facebook карыстацкіх дадзеных іншым кампаніям.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Facebook даваў дадзеныя карыстальнікаў вытворцам тэлефонаў, — СМІ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Facebook стварыў аддзел па барацьбе з умяшаньнем у выбары