Савет міністраў Беларусі загадаў (PDF) Міністэрству фінансаў у 2019–2020 гадах выпусьціць на тэрыторыі Расеі дзяржаўныя каштоўныя паперы на суму да 30 млрд расейскіх рублёў — гэта каля 982,68 млн беларускіх рублёў, або 466,68 млн даляраў.
Указ пералічвае тыпы каштоўных папераў, якія зьбіраюцца выставіць на расейскую біржу, а таксама абмяжоўвае мінімальны тэрмін абарачэньня ў 1092 дні. Грошы, атрыманыя з продажу папераў, будуць разьмяшчацца ў расейскім «Газпромбанку».
Пра тое, што Беларусь зьбіраецца выйсьці на рынак каштоўных папераў Расеі, паведамлялася яшчэ ў мінулым лістападзе. Тады ж паведамлялася, што Беларусь паспрабуе выйсьці на кітайскі рынак каштоўных папераў, бо разьмяшчэньня эўрабондаў цягам 2019 году не плянуецца.
Але эўрабонды разьмяшчаліся на большыя сумы, чым цяперашнія каштоўныя паперы ў Расеі: на 600 млн даляраў у 2018 годзе, 800 млн у 2017-м.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі грошай Беларусь пазычае ў Расеі. ІНФАГРАФІКАЗа шэсьць гадоў Беларусь пазычыла ў Расеі $9,7 мільярда, аддала $4,2 мільярда. Яшчэ 6 мільярдаў даляраў пазычылі эўразійскія фонды, туды вярнулі 1,6 мільярда. Тэмпы росту даўгоў Беларусі ўпалі у 2018 годзе, але ўсё адно дзяржаўная запазычанасьць роўная палове валавога ўнутранага прадукту.
Беларусь таксама зьбіраецца (часам кажа, што не зьбіраецца, пасьля зноў зьбіраецца) працягнуць перамовы зь Міжнародным валютным фондам аб крэдыце ў 2020 годзе і хоча атрымаць ад Расеі «крэдыт на выплату крэдыту» на 600 млн даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даляр будзе па 2,38. Урад заплянаваў, што стане зь бюджэтам і эканомікай у 2021 годзе