Два ўраджэнцы Беларусі трапілі ў санкцыйны сьпіс Украіны за захоп украінскіх маракоў

Палонных украінскіх маракоў вядуць у суд у Маскве ў студзені 2019 году

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сваім указам зацьвердзіў рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб увядзеньні пэрсанальных санкцый супраць расейскіх кампаній, грамадзян Расеі і замежных краін, датычных да агрэсіі супраць Украіны, да ўдзелу ў будаўніцтве Керчанскага моста, а таксама да нападу і захопу ў палон 24 украінскіх маракоў у Керчанскай пратоцы летась 25 лістапада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН прызнала захопленых ўкраінскіх маракоў ваеннапалоннымі

Усяго ў сьпіс трапілі 294 юрыдычныя і 848 фізычныя асобы, у тым ліку два ўраджэнцы Беларусі, датычныя да захопу ўкраінскіх маракоў і катэраў — Юры Арэхоўскі (1965 года нараджэньня) служыць на пасадзе намесьніка камандуючага па працы з асабовым складам Чарнаморскага флёту Расеі, а таксама Дзьмітры Чыжык (1979 года нараджэньня), які таксама служыць на Чарнаморскім флёце і пражывае ў Сэвастопалі.

Санкцыі, уведзеныя супраць іх на тры гады, прадугледжваюць блякаваньне актываў, фінансавых апэрацый і іншыя абмежаваньні іхных правоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША пашырылі санкцыі супраць Расеі праз інцыдэнт у Керчанскай пратоцы

У санкцыйны сьпіс таксама дадаткова ўключаны яшчэ адзін выхадзец з Беларусі, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі ад фракцыі «Адзіная Расея» Дзьмітры Марозаў — ён нарадзіўся ў Менску ў 1971 годзе.

Санкцыі ўведзеныя і ў дачыненьні некалькіх замежных журналістаў — з Францыі, Турэччыны і Гішпаніі, які працавалі назіральнікамі на выбарах у часова акупаваных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.

    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча

  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.