За шэсьць гадоў Беларусь пазычыла ў Расеі $9,7 мільярда, аддала — $4,2 мільярда. Яшчэ 6 мільярдаў даляраў пазычылі эўразійскія фонды, туды вярнулі 1,6 мільярда. На фоне апошніх дыпляматычных разнагалосьсяў Свабода паглядзела, колькі грошай Беларусь пазычала ў Расеі і колькі вярнула.
16,7 мільярда даляраў — такая сума вонкавага дзяржаўнага доўгу ў Беларусі на люты гэтага году паводле Мінфіну. Ад расейскіх СМІ і экспэртаў можна пачуць, што Беларусь жыве коштам расейскіх крэдытаў. Паглядзім, ці гэта сапраўды так.
Аддаем палову
9,7 мільярда даляраў Беларусь пазычыла ў Расеі за шэсьць гадоў (2012–2018). Зь іх Расеі аддалі менш за палову — 4,2 мільярда. Гэта грошы, якія Беларусі пазычыў урад Расеі і дзяржаўныя банкі агулам.
Грошы Беларусі таксама вылучалі міжнародныя фонды, якія ці то заснаваныя, ці то кантралююцца Расеяй. Гэта Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця (раней называўся Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС). Агулам за шэсьць гадоў яны далі 6 мільярдаў даляраў. Зь іх Беларусь вярнула 1,4 мільярда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крэдытная піраміда па-беларускуНапрыклад, летась Беларусь пазычыла 2,3 мільярда даляраў. Зь іх ад Расеі і расейскіх дзяржаўных банкаў — 879 мільёнаў. Гэта толькі 38% усіх леташніх пазыкаў. Але ў дадатак 200 мільёнаў даў Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця, гэта ўжо 46% пазыкаў.
Летась па крэдытах Беларусь выплаціла 1,9 мільярда даляраў. Зь іх 400 мільёнаў Расеі і яшчэ 353 мільёны Эўразійскаму фонду стабілізацыі і разьвіцьця.
«Расейскія крэдыты нявыгадныя»
Крэдыты, якія Расея дае Беларусі, часта доўгатэрміновыя. Менавіта гэтым тлумачыцца тое, што за 6 гадоў зь іх вярнулі менш за палову, мяркуе эканаміст Сяргей Чалы.
«Яны часта доўгатэрміновыя, але іх усё адно трэба вяртаць, там ёсьць крэдыты на 15 гадоў. Беларусі даравалі толькі адзін расейскі крэдыт, гэта было яшчэ ў эпоху Ельціна. Гэтыя крэдыты ня вельмі выгадныя, маюць высокую працэнтную стаўку, бо Расея цяпер мае ня вельмі добрую рэпутацыю і ня вельмі добры эканамічны стан. Працэнты па крэдытах прывязаныя да ставак, кшталту стаўкі рэфінансаваньня, і яна расьце, калі пагаршаецца эканамічны стан. Але пад гэтыя крэдыты не патрабуюць праводзіць зьмены і рэформы», — кажа Сяргей Чалы.
Крэдыты ад Міжнароднага валютнага фонду і эўрапейскіх банкаў выгаднейшыя за расейскія. Але гэтыя структуры патрабуюць канкрэтных рэформаў пад крэдыты, дадае Сяргей Чалы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговае абвастрэньне беларуска-расейскіх адносін, — экспэрты пра скандал вакол заяў БабічаПры гэтым цягам апошніх 20 гадоў не відаць, каб Беларусь адмаўлялася ад расейскіх крэдытаў, кажа Сяргей Чалы:
«Пасьля „газавых войнаў“ 2006 году крэдыты мы бяром пераважна ў Расеі. Мы не адыходзім ад гэтай лініі».
Пры гэтым, калі браць статыстыку за 6 гадоў, то доля расейскіх крэдытаў сярод іншых фінансаў, якія пазычае Беларусь, усё ж зьмяншаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Мы заўтра можам аб’яднацца. Але ці гатовыя вы, расейцы і беларусы?»