«Назарбаеў будзе кіраваць краінай зь іншага кабінэту», — Аркадзь Дубноў

Нурсултан Назарбаеў

Госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — расейскі экспэрт у пытаньнях Цэнтральнай Азіі і Казахстану Аркадзь Дубноў. Ён адказвае на пытаньне, ці сапраўды Нурсултан Назарбаеў пакідае ўладу альбо будзе кіраваць Казахстанам зь іншай пасады, заяўляе, што «адстаўка» — гэта крок, які яму мог параіць вельмі добра падрыхтаваны паліттэхноляг, і прадказвае, як Нурсултан Назарбаеў увойдзе ў гісторыю.

​Сьцісла

  • Назарбаеў пакідае ў сваіх руках усе найважнейшыя ніткі кіраваньня, ён застаецца нацыянальным лідэрам.
  • Назарбаеў адыходзіць на загадзя занятыя пазыцыі, на пасаду, чымьсці падобную да пазыцыі Дэн Сяопіна ў Кітаі.
  • «Назарбаеў увойдзе ў гісторыю са знакам „плюс“, як стваральнік новай дзяржаўнасьці Казахстану»

Назарбаеў апошнім часам рабіў усё, каб надзейна забясьпечыць сцэнар пераходу ўлады такім чынам, каб ён мог яго кантраляваць і кіраваць ім.

— Ці было для вас нечаканасьцю рашэньне Нурсултана Назарбаева падаць у адстаўку з пасады прэзыдэнта Казахстану, ці ўся хада апошніх падзеяў вяла да такога выніку?

— Так, пагаджуся з апошнім сьцьвярджэньнем. Назарбаеў апошнім часам рабіў усё, каб надзейна забясьпечыць сцэнар пераходу ўлады такім чынам, каб ён мог яго кантраляваць і кіраваць. Назарбаеў пакідае ў сваіх руках усе найважнейшыя ніткі кіраваньня, ён застаецца нацыянальным лідэрам, тытул «елбасы» пры ім. І самае галоўнае, што ён узначальвае Раду бясьпекі Казахстану, а старшыня гэтай Рады мае нават больш паўнамоцтваў, чым дзейны прэзыдэнт.

Аркадзь Дубноў

Гэта дае магчымасьць Назарбаеву быць такім нават фармальным распарадчыкам, судзьдзём, дэміюргам краіны.

— Ці гэтая ракіроўка азначае, што ён сапраўды адыдзе ад справаў, ці будзе надалей кіраваць, проста ў іншай якасьці? Навошта такая замена, калі Назарбаеў застаецца дэ-факта кіраўніком?

— Я ня бачу ніякай «ракіроўкі». Ракіроўка гэта калі мяняюцца месцамі Мядзьведзеў з Пуцінам. Назавіце, з кім мяняецца месцамі Назарбаеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Які Казахстан пакідае Назарбаеў пасьля 30 гадоў ва ўладзе

— Будзе той ці іншы чалавек, які будзе займаць пасаду прэзыдэнта Казахстану.

«Назарбаеў адыходзіць на загадзя занятыя пазыцыі і будзе кіраваць краінай зь іншага кабінэту»

— А Назарбаеў будзе старшынём Сэнату? Не. Давайце прыдумляць іншыя словы і вызначэньні.

Назарбаеў адыходзіць на загадзя занятыя пазыцыі, як кажуць у вайсковай тэрміналёгіі, і будзе кіраваць краінай зь іншага кабінэту. Зь іншай пасады, якая чымсьці падобная на пазыцыю Дэн Сяопіна ў Кітаі.

— Месяц таму, у лютым, Назарбаеў накіраваў у адстаўку ўрад. Ці можна гэта назваць падрыхтоўкаю да сёньняшняй падзеі?

— Мо і так. Я і зараз ня вельмі разумею сэнс таго рашэньня. Думаю, Назарбаеў хацеў паказаць, што ён актыўна кантралюе працэсы ў краіне, што ён незадаволены малой актыўнасьцю міністраў, іхнай гатовасьцю прымаць нейкія неардынарныя рашэньні. Памяняўшы ўрад, ён паказаў, што гатовы да самых сур’ёзных крокаў, каб страсянуць усю сыстэму дзяржаўнага кіраваньня. А зь іншага боку, каб заставацца захавальнікам бясьпекі гэтае сыстэмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым падобныя і чым адрозьніваюцца Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў, які сышоў у адстаўку

Акрамя таго, Назарбаеў чалавек не бяз гумару. Ён зрабіў гэта за некалькі дзён да вясновага сьвята Наўруз. Карыстаючыся перадсьвяточнымі настроямі, ён вырашыў яшчэ і пагуляць у гэтую радасьць людзей, якія нарэшце дачакаліся вырашэньня пытаньня аб уладзе. Гэта сьвята.

«Назарбаеў увойдзе ў гісторыю як стваральнік новай дзяржаўнасьці Казахстану»

— З таго, што я чытаў (і чытаю цяпер) пра Казахстан, вынікае, што ў краіне даволі напружаная сацыяльна-эканамічная сытуацыя. Рост ВУП ёсьць (4 працэнты за 2018 год), але пры гэтым даходы насельніцтва падаюць (на 3 працэнты за 2015–2017 гады). Ці можна казаць, што Назарбаеў адчуў, спрагназаваў тыя складанасьці, якія чакаюць Казахстан у найбліжэйшыя гады? І хто зараз будзе несьці пэрсанальную адказнасьць за эканамічныя цяжкасьці?

— А назавіце мне хоць адну краіну на постсавецкай прасторы, пра якую вы не сказалі б тое самае пра эканамічныя цяжкасьці? Дзе людзі ўсім задаволеныя, дзе ўсё расьце і яны задаволеныя ўладай?

— Відаць, няма такіх. Усё адносна.

— Ну вось. Таму калі мы кажам пра Казахстан, то крок, які зрабіў Назарбаеў, яму мог параіць вельмі добра падрыхтаваны паліттэхноляг. Зьбіць існы парадак дня, зьмяшаць усе карты і прымусіць людзей разважаць пра шчасьлівую будучыню пры новай уладзе.

Жыхары гораду Жанаозен патрабуюць працаўладкаваньня

А хто будзе адказваць? Адказваць будуць нашы ўнукі. Ці Лукашэнка асабіста адказвае за нешта? Пытаньне рытарычнае.

— Ці можна ўжо зараз меркаваць, як Назарбаеў увойдзе ў гісторыю Казахстану?

— Ён увойдзе са знакам «плюс». Як стваральнік новай, сучаснай дзяржаўнасьці Казахстану. Папярэдняй дзяржаўнасьцю было ханства ў XVI–XVIII стагодзьдзях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З казахстанскіх банкнотаў зьнікнуць надпісы на расейскай мове

Гэта сучасная дзяржава суб’ект міжнароднага права, дзяржава, якую паважаюць у сьвеце, якое мае рэсурсы і ўмее весьці самастойную палітыку. Гэта дзяржава, якая адстойвае свае інтарэсы перад Расеяй, ня хоча быць закладніцаю палітыкі Расеі, якая прыводзіць да яе ізаляцыі на замежнай арэне. Вось лідэрам такой дзяржавы і застанецца Назарбаеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магчыма, ён застанецца фактычным кіраўніком. Экспэрты пра адстаўку Назарбаева