У Радзе Эўропы заявілі, што Беларусь не выконвае антыкарупцыйныя стандарты

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Антыкарупцыйны орган Рады Эўропы — Група дзяржаў па барацьбе з карупцыяй (GRECO) — выступіў з дэклярацыяй, у якой крытыкуе Беларусь за невыкананьне антыкарупцыйных стандартаў.

Гэта першы падобны дакумэнт за ўсю гісторыю GRECO, адзначае прэс-служба Рады Эўропы. ​

Як адзначаецца ў дакумэнце, з моманту, калі ў 2012 годзе GRECO адрасавала Беларусі 24 рэкамэндацыі ў сфэры барацьбы з карупцыяй, 20 рэкамэндацый так і засталіся нявыкананымі.

Праводзячы ацэнку сытуацыі ў Беларусі, GRECO неаднаразова прыходзіла да высновы, што ўзровень выкананьня рэкамэндацый быў вельмі нізкі і «ў цэлым незадавальняючы».

З 49 дзяржаваў— удзельніц GRECO Беларусь адзіная так і не дала дазволу на публікацыю дакладаў аб ацэнцы або аб захаваньні стандартаў у сфэры барацьбы з карупцыяй. У сувязі з гэтым публікаваліся толькі рэзюмэ справаздач. У адным з іх, у прыватнасьці, адзначалася, што «цяжка вызначыць рэальныя маштабы карупцыі ў Беларусі і тыя формы, якія яна прымае», але «карупцыя лічыцца сыстэмнай у гэтай краіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск не дазволіў публікаваць справаздачу Рады Эўропы пра стан карупцыі ў Беларусі

«Працяг невыкананьня правілаў і нормаў GRECO кідае цёмны цень як на прыхільнасьць уладаў Беларусі прафіляктыцы карупцыі і барацьбе зь ёй, так і на супрацоўніцтва з GRECO ў цэлым, — заявіў старшыня арганізацыі Марын Мрчэла. — Гэта прывяло да таго, што ўпершыню ў сваёй практыцы GRECO выступае з заявай аб парушэньні адным са сваіх чальцоў стандартаў Рады Эўропы».

Як адзначыў Марын Мрчэла, GRECO зьвярнуліся да ўсіх дзяржаваў, якія ўваходзяць у арганізацыю, з просьбай у будучыні «браць пад увагу гэтую сытуацыю пры кантактах зь Беларусьсю», разьлічваючы, што гэта «паслужыць сур’ёзным сыгналам і перасьцярогай для Беларусі» і прымусіць яе выконваць свае антыкарупцыйныя абавязацельствы.

Як адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы, у значнай большасьці рэкамэндацый, адрасаваных Беларусі, гаворка ідзе пра асноўныя антыкарупцыйныя патрабаваньні:

  • ўмацаваньне незалежнасьці судовай сыстэмы і пракуратуры,
  • пашырэньне самастойнасьці ў працы праваахоўных органаў,
  • абмежаваньне недатыкальнасьці некаторых катэгорый асобаў.

GRECO зьвярнулася да ўсіх 49 дзяржаваў, якія ўваходзяць у арганізацыю, з просьбай азнаёміць з гэтай заявай свае ўладныя органы і фінансавыя ўстановы. У заяве падкрэсьліваецца, што арганізацыя працягне весьці назіраньне за сытуацыяй у Беларусі.

Лукашэнка кажа пра барацьбу з карупцыяй амаль чвэрць стагодзьдзя. Вынікі не найлепшыя

Яшчэ да абраньня прэзыдэнтам Аляксандар Лукашэнка займаўся карупцыйнымі пытаньнямі. У канцы сьнежня 1993 году ён, тады дэпутат Вярхоўнага Савету і старшыня антыкарупцыйнай парлямэнцкай камісіі, зачытаў адмысловы даклад, які ў выніку прывёў да адстаўкі сьпікера Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча (таго абвінавацілі ў прысабечваньні скрыні цьвікоў).

За час прэзыдэнцтва Лукашэнкі было нямала гучных затрыманьняў, зьвязаных з карупцыяй, але Беларусь па-ранейшаму застаецца карумпаванай краінай.

10 гучных карупцыйных спраў 2017 году

«У рамках „беларускай мадэлі“ карупцыю немагчыма перамагчы»

У Беларусі даволі частыя навіны пра затрыманьні і суды за хабар. «Даць на лапу» могуць як мільён эўра, так і проста бульбу, каўбасу, каньяк ці бэтон. Пры гэтым Беларусь займае даволі нізкую пазыцыю ва ўсясьветным рэйтынгу ўспрыманьня карупцыі: у у рэйтынгу за 2017 год Беларусь атрымала 44 балы са 100 і паднялася на 68-е месца са 180, год таму Беларусь займала 79-е месца ў рэйтынгу, два гады таму — 106-е месца. У рэйтынгу вяршэнства права Беларусь заняла 65-е месца са 113, у тым ліку праз карупцыю. Больш высокую — 38-ю — пазыцыю краіна займае ў рэйтынгу Doing Business, які ня ўлічвае карупцыі. GRECO і раней называла нездавальняльнымі цяперашнія высілкі беларускіх уладаў у барацьбе з карупцыяй.

Група дзяржаў па барацьбе з карупцыяй (GRECO) — міжнародная арганізацыя, створаная Радай Эўропы ў 1999 годзе. Асноўнай яе мэтай зьяўляецца дапамога краінам-удзельніцам у барацьбе з карупцыяй. GRECO вызначае антыкарупцыйныя стандарты дзейнасьці дзяржавы і кантралюе адпаведнасьць практыкі гэтым стандартам, дапамагае выявіць недахопы ў нацыянальнай антыкарупцыйнай палітыцы і прапануе неабходныя заканадаўчыя, інстытуцыйныя ці апэратыўныя меры, дае пляцоўку для абмену лепшымі рашэньнямі ў галіне выяўленьня і прадухіленьня карупцыі. Група ўключае 49 дзяржаваў, у тым ліку Беларусь, якая не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы.