Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» патрабуе неадкладна павысіць памеры сярэдняй зарплаты і пэнсіі ў Беларусі — не ніжэй за 1391 і 462 рублі адпаведна, заявіў намесьнік старшыні партыі Кастусь Мішчанка, выступаючы 16 сакавіка ў Менску на міжнароднай канфэрэнцыі «Эўрапейскія левыя за дэмакратычную, салідарную, сацыяльную і справядлівую Эўропу».
Мішчанка адзначыў, што па выніках 2018 году сярэдні заробак беларусаў складаў 958 рублёў, але «такую зарплату атрымлівала меншасьць работнікаў», а зарплату ніжэй за сярэднюю, паводле афіцыйнай статыстыкі, атрымлівала 75% працоўных.
«Кожны пяты працаўнік зарабляе менш за 500 рублёў. Урад плянуе давесьці ўзровень сярэднямесячнай налічанай зарплаты сёлета да 1025 рублёў, а ў 2020-м — да 1050 рублёў. Аднак ён прызнае, што, нягледзячы на плянаваны намінальны рост, павышэньня рэальнага ўзроўню заробкаў у бліжэйшыя два гады не прадугледжваецца», — сказаў палітык.
Пазыцыя партыі складаецца ў тым, што сярэдні заробак павінен быць не ніжэйшы за ўзровень 4 мінімальных спажывецкіх бюджэтаў.
«На сёння гэта 1391 рубель, або 568 эўра. Пры гэтым мы ўсьведамляем, што павышаць зарплату тэмпамі, якія перавышаюць рост прадукцыйнасьці працы, можна толькі да пэўнай мяжы, пасьля якой узьнікае рэальная небясьпека ўсплёску інфляцыі і дэвальвацыі рубля», — сказаў Мішчанка.
Ён таксама зьвярнуў увагу на значнае пагаршэньне ўладамі ўмоваў пэнсійнага забесьпячэньня, якія павысілі ўзрост выхаду на пэнсію, а таксама ўзьнялі мінімальную плянку працоўнага стажу, выключыўшы зь яго гады, выдаткаваныя на вайсковую службу, догляд дзіцяці, састарэлых сваякоў або сваякоў-інвалідаў, навучаньне, пэрыяды атрыманьня дапамогі па беспрацоўі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калякін: Папулярнасьць левай ідэі ў сьвеце расьце«Новы парадак вылічэньня страхавога стажу стварае пэнсійную пастку для многіх катэгорый грамадзян, якім пры недахопе страхавога стажу ня будзе прызначаная працоўная пэнсія, — падкрэсьліў Кастусь Мішчанка. — Гэтыя людзі, пры дасягненьні 60 гадоў жанчынамі і 65 гадоў мужчынамі, могуць разлічваць толькі на сацыяльную пэнсію, памер якой сёньня складае 107 рублёў, або менш за 44 эўра».