МЗС Беларусі параіў амбасадару Расеі «праявіць крыху павагі» — кажуць, Міхаіл Бабіч «за кароткі час працы ў Беларусі ён проста не зразумеў розьніцы паміж фэдэральнай акругай і незалежнай дзяржавай». Такой была рэакцыя на інтэрвію амбасадара, у якім ён завочна паспрачаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.
Арыгінал матэрыялу ніжэй быў апублікаваны 24 жніўня 2018 году — у дзень, калі Бабіч быў афіцыйна прызначаны расейскім амбасадарам у Беларусь.
Міхаіл Бабіч на 29 гадоў маладзейшы за папярэдняга амбасадара. Былы амбасадар Аляксандар Сурыкаў займаў пасаду больш за 12 гадоў, быў зьняты зь яе ва ўзросьце 78 гадоў.
49-гадовы Міхаіл Бабіч нарадзіўся ў Разані. Жанаты, мае траіх дзяцей. Сябра партыі «Единая Россия».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі амбасадар Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам. Кароткі пераказ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту, — расейскі амбасадар Бабіч
Дзе вучыўся
Кандыдат эканамічных навук. Скончыў Разанскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню сувязі, у 1998 годзе — юрыдычны факультэт Маскоўскага інстытуту эканомікі, мэнэджмэнту і права, у 2000 годзе — Дзяржаўную акадэмію кіраваньня, у 2005 годзе — факультэт перападрыхтоўкі і падвышэньня кваліфікацыі Вайсковай акадэміі Генэральнага штабу Ўзброеных Сілаў РФ.
Ваяваў, кіраваў урадам Чачні
У 1986–1995 гадах праходзіў службу на камандных пасадах у Паветрана-дэсантных войсках і войсках КДБ СССР, браў удзел у баявых дзеяньнях, даслужыўся да палкоўніка.
У 1995–1998 гадах кіраваў вайсковым канцэрнам «Антей», што вырабляе зброю для проціпаветранай абароны. Затым зьмяніў некалькі пасадаў на грамадзянскай службе. У 1998–1999 гадах кіраваў кампаніяй «Росмясторг» — украінскія СМІ любяць згадваць ягоную тагачасную мянушку «мясьнік».
Быў старшынём ураду Чачэнскай Рэспублікі зь лістапада 2002 году па люты 2003-га. З гэтай пасады быў прызначаны памочнікам міністра эканомікі. Пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта РФ у Прыволскай фэдэральнай акрузе Бабіч займаў з 15 сьнежня 2011 году.
Уводзіў войскі ў Крым — ад яго адмовілася Ўкраіна
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Апазыцыі варта сустрэцца з Бабічам. Мы — не Ўкраіна». Дзьмітрыеў пра 1,5-гадзінную размову з паслом РасеіПасьля звальненьня амбасадара Расеі ва Ўкраіне Міхаіла Зурабава ў ліпені 2016 году у Крамлі разглядалася пытаньне аб прызначэньні Бабіча на гэтую пасаду, але яго кандыдатуру не зацьвердзіў МЗС Украіны. Адна з прычын адмовы была ў тым, што як сябра Савету бясьпекі РФ Міхаіл Бабіч у 2014 годзе прымаў удзел у рашэньні ўвесьці ў Крым расейскіх вайскоўцаў.
Акрамя таго, украінскія палітолягі адзначалі, што Міхаіл Бабіч «раней быў вайсковым дэсантнікам, падчас чачэнскай вайны кіраваў урадам рэспублікі, працаваў у ФСБ». Экспэрты ў Кіеве заяўлялі, што «Бабіч, біяграфія якога зьвязаная з савецкім КДБ і расейскай ФСБ», — «прафэсійны дывэрсант» і «клясычны кандыдат Крамля для ўзаемадзеяньня з сэпаратыстамі ў Данбасе дзеля арганізацыі сілавых апэрацый».
Менск пагадзіўся не адразу
Перавод Бабіча на дыпляматычную працу ў Менск у расейскіх палітычных колах называецца прызначэньнем «апаратна ўплывовага чалавека на стратэгічна важны кірунак». Палітолягі адзначаюць, што Бабіч — «чалавек з высокім узроўнем даверу прэзыдэнта Расеі», і прызначэньне яго амбасадарам у краіну — найбліжэйшую саюзьніцу Расеі было б цалкам лягічным.
Таксама ў Расеі казалі, што «Бабіча прызначаюць, каб не дазволіць беларускага Майдану». У Беларусі яго называлі «амбасадарам раздору».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі амбасадар Бабіч расказаў у інтэрвію RT пра мяккую беларусізацыюБольш за месяц прайшоў ад паведамленьня расейскіх СМІ аб тым, што «Масква вызначылася з кандыдатурай амбасадара» да ўласна прызначэньня. Сьцьвярджалася нават, што афіцыйны Менск не хацеў пагаджацца на кандыдатуру Бабіча, а Міністэрства замежных справаў Беларусі спачатку казала, што не атрымлівала запыт на прызначэньне (агрэман), пасьля адмаўлялася камэнтаваць справу з агрэманам.
Чуткі аб прызначэньні Бабіча амбасадарам у Беларусь пачалі цыркуляваць за паўтара месяца да прызначэньня. Найбольш актыўна іх распаўсюджваў ананімны канал «Незыгарь» (беларускі блогер Эдуард Пальчыс заявіў, што правёў экспэрымэнт, які паказаў: канал публікуе што заўгодна ад каго заўгодна без праверкі зьвестак).
Прызначаны ў няісную дзяржаву
Ва ўказе Бабіч прызначаны амбасадарам у краіну, якой няма: у «Республику Белоруссию», хоць афіцыйная назва краіны на расейскай мове — Республика Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто нікога не паглынае». 12 тэзаў з тлумачэньняў расейскага амбасадара Бабіча пра «ўльтыматум Мядзьведзева»