Удзень 15 сакавіка некалькі ўзброеных нападнікаў атакавалі дзьве мячэці ў горадзе Крайстчэрч у Новай Зэляндыі. Як перадае The Guardian, забітыя ня менш як 49 чалавек і параненыя ня менш як 20.
Такія лічбы агучыла прэм’ер-міністарка Новай Зэляндыі Джасінда Ардэн. Яна адзначыла, што такое «можна назваць толькі тэрарыстычным нападам».
Прэм’ерка назвала напад «беспрэцэдэнтным» і «адным з самых змрочных дзён» у гісторыі краіны. Ардэн дадала, што ахвярамі страляніны сталі ў тым ліку мігранты і ўцекачы — але «яны — гэта мы», падкрэсьліла яна, і такім злачынствам «няма месца ў Новай Зэляндыі».
Нападнікі ўварваліся ў мячэці, дзе былі дзясяткі чалавек. Перад мячэцямі паліцыянты знайшлі некалькі самаробных бомбаў, іх абясшкодзілі.
Паліцыя затрымала трох мужчын і жанчыну — меркаваных нападнікаў (мяркуецца, што іншых нападнікаў не было), у іх ліку аўстраліец.
Адзін з нападнікаў, 28-гадовы мужчына крайне правых поглядаў, вёў жывую відэатрансьляцыю нападу, а перад атакай апублікаваў маніфэст на 74 старонкі, у якім выказваў нянавісьць да мігрантаў.
Выезды з гораду закрытыя, таксама закрытыя школы і грамадзкія будынкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднаму з нападнікаў на мячэты ў Новай Зэландыі выстаўлены абвінавачаньні