На 22 сакавіка ў Мар’інай Горцы судом Пухавіцкага раёну прызначаны крымінальны працэс над паэтам і грамадзкім дзеячом Славамірам Адамовічам. Яго абвінавацілі ў «крадзяжы, зьдзейсьненым з пранікненьнем у жыльлё».
Артыкул 205 Крымінальнага кодэксу, па якім абвінавацілі Адамовіча, прадугледжвае пакараньне папраўчымі працамі на тэрмін да 2 гадоў, арыштам альбо абмежаваньнем волі на тэрмін да 4 гадоў, альбо пазбаўленьнем волі на тэрмін да 4 гадоў. Да завяршэньня суду ён будзе знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Сьледчы камітэт дэталяў справы не раскрывае
У Менскім абласным упраўленьні Сьледчага камітэту на просьбу Свабоды пракамэнтаваць сутнасьць справы адказалі, што «нічога пра яе ня ведаюць». У Пухавіцкім раённым аддзеле СК пацьвердзілі, што справу на Славаміра Адамовіча завялі ў канцы мінулага году, але за што канкрэтна і на якой падставе, удакладніць адмовіліся.
Як вынікае з судовай пастановы, 11 сакавіка старшыня суду Пухавіцкага раёну Сяргей Васілеўскі праверыў крымінальную справу ў адносінах да Славаміра Адамовіча і пастанавіў прызначыць судовы разбор на 22 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славамір Адамовіч: «Цяпер за верш „Убей прэзыдэнта“ сядзеў бы не 10 месяцаў, а 10 гадоў як мінімум»Славамір Адамовіч у інтэрвію Свабодзе выказаў перакананьне, што ягоная справа сфабрыкаваная і мае «палітычны падтэкст». Ён лічыць гэта перасьледам за шматгадовую грамадзкую дзейнасьць і называе канкрэтны дзень, зь якога пачаліся рэпрэсіі — 25 сакавіка 2018 году, калі міліцыя не дала яму выехаць на сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР у Менск.
«Мяне публічна затрымалі на вакзале перад прыходам электрычкі і затым пратрымалі 9 гадзін у Пухавіцкім РАУС, — сказаў Свабодзе актывіст.— Якія рэальныя былі прычыны? Улада спалохалася, што паэт зробіць у Менску рэвалюцыю? Тым ня меней, тры гадзіны правяралі мае кнігі на прадмет „экстрэмізму“, а потым пусьцілі сьведкам па дзьвюх крымінальных справах».
Спачатку запісалі сьведкам
Адна справа, удакладняе суразмоўца, была пра «крадзеж у суседа» (205-ы артыкул), другая — пра «падпал лецішча» ў адным з дачных таварыстваў пасёлку Вяленскі, што за некалькі кілямэтраў ад Мар’інай Горкі і ад Цагельні, дзе Адамовіч мае сядзібу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славамір Адамовіч: Мной напісаны сцэнар сёньняшняй панэўрапейскай драмыСлавамір Адамовіч прызнаецца, што маральна рыхтаваўся да таго, чым можа завяршыцца тое затрыманьне. І цяпер зьбіраецца высьветліць, хто захацеў зьвесьці зь ім рахункі.
«Добра вядомы з праваахоўнай практыкі „ланцужок“: спачатку сьведка, потым падазраваны і, нарэшце, абвінавачаны, — лічыць ён. — 25 сакавіка 2018-га мяне пратрымалі ў аддзяленьні ўвесь дзень і выпусьцілі а 6-й вечара. І вось з гэтага пачалася цяперашняя „справа“, якую я вырашыў давесьці да лягічнага канца, каб паставіць законнае пытаньне: хто ініцыяваў маё публічнае затрыманьне?»
Да суду пад хатнім арыштам
Крымінальная справа супраць Славаміра Адамовіча была заведзеная ў сьнежні 2018 году. У пазове фігуруе заява ад імя «фізычнай асобы», якая выставіла матэрыяльную шкоду на суму блізу 300 рублёў. 18 лютага падазраванага абавязалі заставацца пад хатнім арыштам.
Сьледчай па справе Славаміра Адамовіча была прызначаная Любоў Бабовік. Сярод іншага да матэрыялаў прыкладзеныя:
- выпіска з мэдкарты «РНПЦ псыхічнага здароўя», якой, запэўнівае сам Адамовіч, «не існуе ў прыродзе»;
- заключэньне судова-мэдычнай экспэртызы;
- заключэньні па экспэртызе непрыдатных да выкарыстаньня гільзаў пад патрон 7,62 да пісталета Токарава і гільзы пад патрон 7,62×54R да вінтоўкі Мосіна і карабіна Мосіна;
- выпіскі тэлефонных размоваў ад апэратараў мабільнай сувязі;
- справаздачы банкаў на прадмет наяўнасьці банкаўскіх рахункаў.
Да заканчэньня суду Славамір Адамовіч будзе знаходзіцца пад хатнім арыштам. Ён расказаў Свабодзе, як выглядае ягонае «абмежаваньне волі».
Адрозна ад вязьняў Плошчы-2010 Уладзімера Някляева ці Ірыны Халіп, да якіх прадстаўнікоў праваахоўных органаў падсялялі проста ў кватэру, у яго сытуацыя іншая.
Рэжым хатняга арышту зацьверджаны пракурорам: спачатку за домам зводдаль назіралі з машыны, а потым сачэньне спынілі. У будні ад паўдня да 14-й гадзіны ён мае права выходзіць па сваіх патрэбах на вуліцу, а ў выходныя і сьвяты гэта забаронена. Прымаць гасьцей таксама нельга. Пры гэтым доступ да інтэрнэту застаецца.
Хто такі Адамовіч?
Беларускі паэт, грамадзкі дзяяч Славамір Адамовіч нарадзіўся ў 1962 годзе ў Архангельскай вобласьці ў сям’і беларусаў Юзэфы Чантарыцкай і Генрыха Адамовіча. Сям’я вярнулася ў Беларусь, калі сыну трэба было ісьці ў школу.
Працаваў на Беларускай чыгунцы, на станкабудаўнічым заводзе імя Kiрава ў Менску. Скончыў філялягічны факультэт БДУ, працаваў у «Настаўніцкай газеце». Адзін з заснавальнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя».
У 1995 годзе напісаў верш «Убей президента!», за які быў арыштаваны, трымаў сухую галадоўку. Праз 10 месяцаў выпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.
У жніўні 1997-га на апазыцыйным мітынгу ў Менску публічна зашыў сабе рот на знак пратэсту супраць уціску свабоды слова.
У 2000-м зьехаў у ЗША, працаваў на будоўлях. У 2002–2009 гадах жыў у горадзе Будэ (Нарвэгія) як палітуцякач. Вярнуўся ў Беларусь і пабудаваў дом у Мар’інай Горцы, адкрыў у ім галерэю «У Славаміра».
Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Выдаў зборнікі паэзіі «Кальварыйскія клёны», «Зямля Ханаан», «Зваротныя правакацыі», «Каханьне пад акупацыяй», «Сьпіраль Бруна», «Плавільшчыкі расы», «Турэмны дзёньнік», «Цана Эўропы, альбо Гісторыі Вільмана» ды іншыя.