10 сакавіка ў Этыёпіі разьбіўся самалёт «Боінг 737 MAX 8», які ляцеў рэйсам з Адыс-Абэбы ў сталіцу Кеніі, Найробі. На борце былі 149 пасажыраў і восем чальцоў экіпажу, усе яны загінулі.
Прычыны катастрофы пакуль невядомыя. Аднак увосень 2018 году такі ж «Боінг» інданэзійскага лоўкостэра Lion Air зьнік з радараў праз 13 хвілін пасьля вылету з аэрапорту Джакарты і неўзабаве паваліўся ў мора за 15 кілямэтраў ад берагу. Паводле расьсьледаваньня, прычынай крушэньня таго самалёта сталі праблемы ў новай кампутарызаванай сыстэме кіраваньня, усталяванай на самалётах «Боінг 737 MAX 8».
Сыстэма павелічэньня характарыстык манэўраваньня
Кампанія Boeing накіравала тэхнічных спэцыялістаў у Этыёпію. Высьвятленьнем прычын трагедыі займаюцца таксама Бюро па расьсьледаваньні авіяцыйных здарэньняў у Этыёпіі і Нацыянальная рада па бясьпецы на транспарце ЗША, бо самалёт амэрыканскі. Гэтая рада ўжо разьбірала прычыны крушэньня інданэзійскага «Боінга» той жа мадэлі, які разьбіўся ў кастрычніку. Тады загінулі 189 чалавек.
Характар палёту «Боінг 737 MAX 8» Этыёпскіх авіяліній быў падобны на паводзіны інданэзійскага лайнэра перад крушэньнем. Самалёт часта мяняў вышыню і хуткасьць, пісаў FlightRadar24.
Сыстэма павелічэньня характарыстык манэўраваньня апускала нос самалёта нават тады, калі ён не губляў цягі. Пілёты спрабавалі выправіць становішча, але аўтаматыка больш за 20 разоў не давала гэтага зрабіць.
Гэтая сыстэма зьявілася на «Боінгах» у выніку перакампаноўкі элемэнтаў крыла, напісаў галоўны рэдактар выданьня The Air Current Джо Остравэр. Упершыню яе ўжылі менавіта ў лінейцы 737 MAX.
«Боінг 737» выпускаецца ўжо 40 гадоў, ён стаў самым масавым самалётам кампаніі. У новай сэрыі MAX кампанія знайшла спосаб дамагчыся значнай эканоміі паліва — на 14%. Для гэтага канструктары перасунулі наперад новыя рухавікі, а сыстэма павелічэньня характарыстык манэўраваньня павінна была кампэнсаваць зьяўленьне дадатковай пад’ёмнай сілы, якая ўзьнікае ў некаторых рэжымах палёту. Фактычна нос самалёта стаў задзірацца ўверх, а хваставыя стабілізатары апускаць яго ўніз аўтаматычна — так патлумачыў працу сыстэмы экспэрт.
Як аварыя самалёта ў Этыёпіі можа адбіцца на кампаніі Boeing
Акцыі кампаніі Boeing 11 сакавіка ўпалі на 10% — гэта наймацнейшы абвал з часоў тэрактаў 11 верасьня. На фоне навін з Этыёпіі пад пагрозай апынуліся дагаворы на вытворчасьць пяці тысяч самалётаў новай сэрыі 737 MAX 8.
737 MAX 8 — самы хутка прадаваны самалёт кампаніі. Ён быў прэзэнтаваны ў жніўні 2011 году. Кампанія абяцала эканомію паліва на 14% і хутка прыцягнула пакупнікоў, сабраўшы больш за пяць тысяч перадзамоваў. Толькі менш за тысячу зь іх — так званыя «цьвёрдыя замовы», гэта значыць тыя, якія нельга адмяніць.
«Boeing ня змог своечасова гарантаваць бясьпечнае і надзейнае рашэньне. Чым даўжэй гэта цягнецца, тым больш шанцаў, што Boeing будзе губляць заказы», — пракамэнтаваў сытуацыю агенцтву Bloomberg Ніл Гэнсфард, кіраўнік аўстралійскай кансалтынгавай кампаніі Strategic Aviation Solutions.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У крушэньні «Боінга» ў Этыёпіі загінулі 157 чалавекПра перагляд заказаў новых «Боінгаў» ужо заявіла Малайзія — краіна зьбіралася набыць 25 самалётаў па цане $120 млн за штуку. Нават страта аднаго з 90 пакупнікоў можа моцна ўдарыць па бізнэсе кампаніі Boeing. Што яшчэ горш, гэта можа выклікаць эфэкт даміно і далейшыя адмовы.
Усё гэта на руку канкурэнтам кампаніі. Першапачаткова 737 MAX 8 задумваўся як адказ на A320 neo эўрапейскай кампаніі Airbus — ён узьляцеў значна раней за «Боінг», у верасьні 2014 году. A320 neo прайграваў амэрыканскаму аналягу па колькасьці заказаў, але цяпер, пасьля дзьвюх аварый галоўнага суперніка, мае ўсе шанцы заняць месца новых «Боінгаў».
Акрамя таго, у вечным супрацьстаяньні Boeing і Airbus зьявіўся і трэці гулец — кітайскі Comac C919. Яго ўпершыню прэзэнтавалі ў 2015 годзе, а першы палёт самалёт зрабіў у траўні 2017-га. Пакуль існуе толькі тры такіх самалёта, але вытворцы кажуць, што атрымалі заказы на больш чым пяцьсот асобнікаў. Галоўная перавага кітайскай мадэлі — ніжэйшая цана.