Былога начальніка ўправы Менгарвыканкаму засудзілі за паборы ў сыстэме школьнага харчаваньня

Сяргей Барысевіч, архіўнае фота

Усяго ў справе праходзілі 13 чыноўнікаў сыстэмы спажывецкага рынку і дзіцячага харчаваньня.

У Менскім абласным судзе вынесьлі вырак былому начальніку галоўнай управы спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргею Барысевічу.

Экс-чыноўнік прызнаны вінаватым у хабарніцтве, у крадзяжы праз злоўжываньне і саўдзеле ў злачынстве ды асуджаны на 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Таксама яму на 5 гадоў пасьля адбыцьця тэрміну забаронена займаць кіроўныя пасады.

Працэс над чыноўнікам праходзіў зь леташняга жніўня. Разам з Сяргеем Барысевічам на лаве падсудных апынуліся 13 чалавек, ў тым ліку 11 жанчын. Гэта былыя загадчыцы камбінатаў школьнага харчаваньня Фрунзенскага, Партызанскага і Заводзкага раёнаў Менска, загадчыца вытворчасьці такога ж камбінату Ленінскага раёну, загадчыцы крамаў ды іншыя супрацоўніцы сыстэмы дзіцячага харчаваньня ў сталіцы.

Усіх прызалі вінаватымі і пакаралі на розныя тэрміны – ад 2 гадоў абмежаваньня волі да 10 гадоў зьняволеньня. На 10 год пакаралі Марыну Марозаву, былую дырэктарку Фрунзэнскага раённага камбіната школьнага харчаваньня, загадчыцу сталовай Сьвятлану Карканіцу – на 5 год зьняволеньня.

Паводле сьледзтва, Сяргей Барысевіч наладзіў рэгулярныя паборы з супрацоўнікаў сыстэмы школьнага харчаваньня ў Менску. На судзе падсудны сьцьвярджаў, што часткаю атрыманых грошай дзяліўся з былым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Андрэем Дамарацкім. Аднак гэтага Андрэй Дамарацкі, які выступаў сьведкам у судзе над Барысевічам, не прызнаў. Летась у траўні Андрэй Дамарацкі быў арыштаваны, цяпер знаходзіцца пад сьледзтвам.

Суд у справе Барысевіча і ягоных саўдзельнікаў дасьледаваў дзясяткі эпізодаў хабарніцтва, пачынаючы з 2015 году. Сумы хабару ад дырэктараў камбінатаў школьнага харчаваньня складалі ад 17 да 90 тысяч, агулам набралася больш за 150 тысяч рублёў. Сьледзтва дало доказы іншых пабораў на значныя сумы.

Грошы для хабару Барысевічу кіраўнікі зьбіралі з загадчыкаў вытворчасьці сталовак у школах і каледжах. У абмен на рэгулярныя выплаты Барысевіч абяцаў зьмяншэньне колькасьці праверак, якія праводзіла галоўная ўправа спажывецкага рынку Менгарвыканкаму, і «непрыняцьце захадаў рэагаваньня на выяўленыя парушэньні».

У справе фігуравалі аўтамабілі Барысевіча Mercedes-Benz 600, Mitsubishi Pajero і матацыкл Harley Davidson, кватэра на праспэкце Пераможцаў.Барысевіч патлумачыў, што гэтую кватэру набыў у крэдыт, пра адзін з аўтамабіляў сказаў, што гэта падарунак сваяка, а пра дарагі матацыкл -- што ён належыць ягонаму знаёмаму.

Атрыманьня хабару ад дырэктараў камбінатаў школьнага харчаваньня Сяргей Барысевіч не прызнаў, але з часткаю выстаўленых абвінавачаньняў пагадзіўся. Пракурор прасіў для былога начальніка галоўнай управы спажывецкага рынку Менгарвыканкаму 14 гадоў зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталоўкі ў менскіх школах возьмуць пад відэакантроль