Арганізацыю харчаваньня ў менскіх школах возьмуць пад відэакантроль, паведаміў 2 лістапада на пасяджэньні Менгарвыканкаму начальнік Галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Андрэй Дамарацкі, перадае БелТА.
Прынята рашэньне абсталяваць усе школьныя сталовыя сыстэмамі відэаназіраньня, у некаторых школах Маскоўскага, Ленінскага і Фрунзэнскага раёнаў відэакамэры ўжо ўстанавілі.
У Галоўным упраўленьні спажывецкага рынку створаная рабочая група для кантролю за арганізацыяй харчаваньня вучняў, па выніках кантрольных праверак 173 работнікі прыцягнутыя да адказнасьці.
Ва ўпраўленьні падрыхтавалі прапановы, як удасканаліць работу камбінатаў школьнага харчаваньня. Сярод прапановаў Андрэй Дамарацкі назваў наступныя:
- камбінаты школьнага харчаваньня ў Менску прапанавана аб'яднаць у адну структуру (што дазволіць стварыць адзіны рэестар пастаўшчыкоў і ўзмацніць кантроль за якасьцю і бясьпекай прадуктаў харчаваньня, сфармаваць адзіныя цэныдля ўсіх школаў гораду)
- стварыць базу нядобрасумленных супрацоўнікаў, якіх ня будуць дапускаць працаваць у сыстэме адукацыі Менску,
- мадэрнізаваць камбінаты і абнавіць кадравы склад работнікаў.
- перагледзець асартымэнт у школьных буфэтах.
Напярэдадні санэпідэмслужба Менскай вобласьці таксама праводзіла пазаплянавыя праверкі арганізацыі харчаваньня дзяцей.
Спэцыялісты ацанілі выкананьне санітарна-эпідэміялягічных нормаў у 388 школьных харчовых блёках ( 97,9% ад усіх школ Менскай вобласьці) і выявілі розныя парушэньні, у выніку чаго былі прынятыя адміністрацыйныя захады ў дачыненьні да 309 службовых асобаў, у тым ліку да 140 кіраўнікоў, падрыхтавана 316 прадпісаньняў аб ліквідацыі парушэньняў.