17 сакавіка на сцэне віцебскага тэатру лялек адбудзецца прэм’ера «дарослага» спэктакля «Мастак. Вяртаньне ў Віцебск». Паводле задумы рэжысёра, гэта філязофскі твор у дзьвюх дзеях пра месца творцы ў соцыюме. Спэктакль, прысьвечаны Шагалу і Віцебску, у тэатры называюць самай чаканай пастаноўкай 33-га тэатральнага сэзону.
«Аўтабіяграфію Шагала чытаў па старонцы ў дзень — баяўся, што хутка скончыцца»
«Мы задумвалі гэты спэктакль вельмі даўно», — прыгадвае перад пачаткам рэпэтыцыі рэжысэр спэктакля і мастацкі кіраўнік «Лялькі» Віктар Клімчук.
Ён узначаліў трупу артыстаў-лялечнікаў пры драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў 1985 годзе. Празь пяць гадоў яна стала самастойным калектывам. Цяпер тэатар «Лялька» займае асобны будынак — помнік архітэктуры ХІХ стагодзьдзя на беразе Віцьбы. У яго рэпэртуары — шматлікія спэктаклі для дзяцей і дзевяць — для дарослых, паводле твораў Караткевіча, Баршчэўскага, Чэхава, Гогаля. «Мастак. Вяртаньне ў Віцебск» стане дзясятым.
«Ніякага матэрыялу тады яшчэ не было, зьвесткі пра Шагала абмяжоўваліся біяграфіяй, і мы ня ведалі, што рабіць, — працягвае Віктар Клімчук. — Потым зьявіліся кнігі, артыкулы, у тым ліку замежных аўтараў. „Маё жыцьцё“ Шагала чытаў па старонцы ў дзень — баяўся, што хутка скончыцца. Прачытаўшы, пачаў пісаць п’есу».
Сюжэт яе ўзнаўляе падзеі кнігі «Маё жыцьцё». Рэжысёр паказвае ў спэктаклі віцебскі пэрыяд Шагала: дзяцінства, вучобу і сталеньне, паездкі ў Санкт-Пецярбург і Парыж, вяртаньне ў Віцебск і разьвітаньне зь ім.
«Гэта не бытавы спэктакль, — кажа рэжысэр. — Заўсёды цікава, калі ёсьць філязофія. Я разглядаю месца творцы ў соцыюме, яго атачэньне. Нават родныя не разумелі Шагала. Паводле юдэйскай веры маляваць людзей лічылася грахом. А ён хацеў маляваць. І знайшоў сябе ў Парыжы, дзе мастакі розных плыняў не перашкаджалі адзін аднаму. У нас жа чалавек, які робіць нешта ня так, як усе, выклікае непаразуменьне. Многія кажуць: „І я магу, як Шагал!“ А чаму ж не малявалі тады?»
Больш даведацца пра Шагала і Віцебск дапамаглі віцебскія дасьледчыкі. Перад рэпэтыцыямі з трупай сустрэліся краязнаўца Аркадзь Падліпскі і мастацтвазнаўца Аляксандар Лісаў.
«Падрыхтоўка спэктакля для дарослага гледача — гэта заўсёды сур’ёзнае паглыбленьне ў тэму», — кажа кіраўніца літаратурна-драматычнай часткі тэатру паэтка Людміла Сіманёнак, якая пераклала п’есу на беларускую мову. Дзякуючы ёй па-беларуску загучыць паэзія Марка Шагала, а таксама верш Роберта Раждзественскага, якім спэктакль завершыцца.
«Дарэчы, Шагал па-беларуску гучыць вельмі арганічна», — заўважае Людміла.
Мове ў спэктаклях «Лялькі» надаюць вялікае значэньне. Гэта адзіны тэатар лялек у краіне, дзе пэрсанажы размаўляюць па-беларуску ва ўсіх пастаноўках, а трупа гастралюе безь перакладу. Людміла прысутнічае на ўсіх рэпэтыцыях, шліфуючы кожную фразу актораў.
«Я выдатна разумею, чаму ён не вярнуўся»
Спэктакль задуманы ў жанры рэмінісцэнцый pro domo sua.
«Успаміны ў абарону самога сябе — так даслоўна перакладаецца назва жанру, — у перапынку тлумачыць рэжысёр. — Гэта ўспаміны чалавека, як было, і спадзяваньні, як можа быць. Прызнаны ў Эўропе, ён ня страчвае надзеі, што і родны горад яго прыме, зразумее. Таму і назва — „Мастак. Вяртаньне ў Віцебск“. Вядома, вяртаньне не фізычнае».
Як і ў жыцьці, у п’есе мастак пакідае Віцебск назаўсёды. У 1973 годзе Марк Шагал прыяжджае ў Маскву на адкрыцьцё выставы — упершыню пасьля эміграцыі. У яго была магчымасьць наведаць Віцебск, але мастак ёю не скарыстаўся.
«Я выдатна разумею, чаму ён не вярнуўся, — салідарны з мастаком Віктар Клімчук. — Калі б мне сказалі — вярніся туды, дзе ты нарадзіўся, а там нічога няма, — я б напэўна не вярнуўся. Мне здаецца, гэта страшна. Гэта значыць страціць тое, што ў цябе было і што натхняла». Натхняў Шагала Віцебск, не зруйнаваны вайной і не адбудаваны савецкай уладай.
«Мне здаецца, Віцебск быў незвычайны, мы многае згубілі за гэты час», — падсумоўвае рэжысёр.
«У кожнага свой Шагал»
У спэктаклі мастак паказаны сталым.
«У кожнага свой Шагал, — упэўнены Віктар Клімчук. — Мой — асоба сьвету, геній, шчыры чалавек, здольны не пакрыўдзіцца на горад, прабачыць яму няшчасьці. Гэта моцны вобраз».
Ролю Шагала выконвае вядучы майстар сцэны Юрась Франкоў.
«Гэта самая складаная роля з тых, што былі ў маім жыцьці. Яна ўвабрала ў сябе ўсё тое, што назапашана мною на сцэне, — сказаў Свабодзе актор, які на сцэне тэатру з 1987 году. На ягоным рахунку — вядучыя ролі ў пастаноўках „Лялькі“, пачынаючы з дэбютнага спэктакля „Дзед і жораў“. — Мне хацелася б, каб мой Шагал быў зразумелы і як чалавек, і як мастак. Калі чалавека можна паказаць са сцэны, з мастаком значна складаней. Ён — загадка, якую цяжка разгадаць, нават ведаючы сакрэты розных плыняў жывапісу».
У спэктаклі Шагала ўвасабляюць і дзьве лялькі. Адна — Шагал малы, другая — дарослы.
«У асноўным пэрсанаж — гэта жывы плян, — тлумачыць Юрась Франкоў. — Лялька ў гэтым спэктаклі — знак, сымбаль у важны момант. Напрыклад, падчас размовы з маці».
«Нават ведаючы значэньне сымбаляў і колераў, мне складана зразумець малюнкі Шагала, — прызнаецца актор. — У нас яго не прымаюць. Ня ўмеюць патлумачыць. Мы выхаваныя на рэалістычным мастацтве».
Вобраз маці ў спэктаклі — адзін з галоўных. Яго стварае вядучы майстар сцэны Вольга Маханькова.
«Як Шагал сам пісаў, усё, што ў яго было — талент і ўсё добрае, — ад маці, — расказвае пра сваю ролю акторка. — Яна адзіная заўсёды падтрымлівала сына. Паводле ўспамінаў, бацька даваў грошы на вучобу і казаў уладкоўвацца самастойна, маці ж прасіла пісаць і паведамляць, калі што спатрэбіцца. Сапраўдная маці. І словы Шагала пра яе — тое, чаго ён не пасьпеў сказаць пры жыцьці».
Працаваць над гэтым спэктаклем складана, прызнаецца акторка.
«Мая роля гучыць так: маці і іншыя, — кажа яна. — Калі я граю маці, у мяне сьлёзы на вачах, а праз момант трэба выйсьці і сьмяяцца парыжанкай. Тут шмат маленькіх роляў, і ў кожны эпізод трэба ўкласьці многае».
«Бэла — каралеўна маўчаньня»
Мінімум словаў і ў ролі Бэлы.
«Праз увесь спэктакль яна — вобраз жанчыны, якая была з Шагалам усё жыцьцё, — кажа маладая акторка тэатру Марына Марозава, якая мае ролі ў пастаноўках для дзяцей і задзейнічаная як лірычная гераіня ў шэрагу спэктакляў для дарослых. — Сцэнаў зь яскрава выражанымі адносінамі няма, Бэла — як анёл-ахоўнік. Гэта складаная роля, мінімалістычная па словах і дзеяньнях, з дапамогай якіх актор можа сябе раскрыць. У сваім рэдкім і раптоўным зьяўленьні на сцэне ты мусіш несьці пэўны сымбаль. Бэла Шагал была вельмі цікавай асобай, адукаванай, прыхільніцай габрэйскай культуры і веры. Яе называлі каралеўнай маўчаньня. Гэта я ўзяла за аснову ў сваім вобразе».
«Новы спэктакль — заўсёды экспэрымэнт»
У спэктаклі задзейнічаныя сем актораў — Юрась Франкоў, Марына Марозава, Вольга Маханькова, Алег Рыхтэр, Вольга Лазебная, Натальля Гайдук і Сяргей Талкач, лялькі пашытыя для пэрсанажаў Пэна, Бакста, маці, Бэлы Розэнфэльд і дзьве — для Шагала ў розным узросьце. У пастаноўках для дарослых «драўляных» актораў, як у тэатры неафіцыйна называюць лялек, звычайна няшмат. Для папярэдняй дзіцячай прэм’еры, да прыкладу, трэба было зрабіць больш за трыццаць лялечных герояў.
«Цяпер няма жорсткага дзяленьня — лялечны спэктакль альбо драматычны, — тлумачыць Віктар Клімчук. — Галоўнае ў мастацтве — стварыць вобраз, і дзеля гэтага ты ўжываеш лялькі, жывога чалавека, пантаміму, плястыку. Гэта сымбіёз амаль усіх відаў мастацтва. А новы спэктакль — заўсёды экспэрымэнт».
Паводле Клімчука, у пэўных сцэнах лялька непатрэбная, а часам яна можа згуляць у сто разоў лепш за чалавека.
Сцэнаграфію, строі і лялек для спэктакля рабілі ў тэатральнай майстэрні паводле эскізаў мастачкі з Мурманску Соф’і Шахноўскай.
Увасобіць рэжысэрскую задуму дапамагае плястычная мова — поруч з рэжысэрам працуе вядомы ў Віцебску харэограф Дзіяна Юрчанка. Яна вядзе студыю сучаснай харэаграфіі і працуе з драматычнымі акторамі коласаўскага тэатру, некалькі гадоў супрацоўнічае зь «Лялькай». Харэаграфічныя элемэнты ўзмацняюць эфэкт ад жанру рэмінісцэнцыі: лялькі ці жывыя акторы нібы выплываюць ва ўспамінах мастака. Некаторыя пэрсанажы зьяўляюцца на сцэне на некалькі дзясяткаў сэкунд.
«Памяць пра Шагала павінна заставацца добрай»
У рэпэртуары «Лялькі» ўжо ёсьць спэктакль, прысьвечаны Марку Шагалу. Ён пастаўлены акторкай тэатру і рэжысэркай Дар’яй Зімніцкай.
Жанрава спэктакль «Шагал. Зыход» можна аднесьці да пэрформансу. Ён вулічны, сэзонны, залежны ад метэапрагнозаў, а акторы ў ім упершыню ў гісторыі «Лялькі» працуюць на хадулях, бяз слоў, зь лялькамі розных памераў.
«Спэктакль зьявіўся ў рэпэртуары ў 2016 годзе, ставіўся на розных гарадзкіх пляцоўках, — кажа Свабодзе Людміла Сіманёнак. — Некалькі разоў з прычыны надвор’я яго даводзілася паказваць у памяшканьні — не на карысьць пастаноўцы. Самым эфэктным было прадстаўленьне на сьвяце ў дворыку дома-музэя Марка Шагала, калі ў ліпені сьвяткаваўся дзень народзінаў мастака. У сьвятле зорак і поўні гэты паказ фактычна і стаў сапраўднай прэм’ерай».
Паміж сабой спэктаклі ніяк не зьвязаныя, але складаюць тое, што мастацкі кіраўнік тэатру называе данінай памяці мастаку, які праславіў Віцебск.
«Памяць пра Шагала павінна заставацца добрай, не засмучанай, і аднаўляцца з кожным годам», — упэўнены ён.
Якое месца ў рэпэртуары і гарадзкім жыцьці зойме новы спэктакль, прагназаваць не выпадае. Аднак кожная падзея, зьвязаная зь імем Марка Шагала, прыцягвае ўвагу.
Акторы хвалююцца, як спэктакль успрымуць дасьледчыкі-шагалазнаўцы, запрошаныя на прэм’еру, і гледачы.
«Гэта складаны спэктакль, бо над ім трэба думаць, узгадаць, што ў цябе ёсьць душа, — перакананая Вольга Маханькова. — Каб зацікавіць гледача тэатрам, сёньня патрэбныя інтрыга, шоў, сэнсацыя, скандал. Чым будзе прыцягваць гэты спэктакль? Так, у ім гучыць імя ўсясьветна вядомага мастака. Але ж у горадзе да яго дагэтуль ставяцца па-рознаму».
Прэм’ера спэктакля «Мастак. Вяртаньне ў Віцебск» адбудзецца 17 сакавіка. Чакаецца аншляг — як паведамілі супрацоўнікі тэатру, квіткоў у продажы ўжо няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 малавядомых фактаў пра Марка Шагала і Віцебск