Менгарвыканкам адмовіў арганізатарам у правядзеньні Дня Волі на стадыёне «Дынама».
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які сёньня падчас сустрэчы ў Менгарвыканкаме атрымаў афіцыйны адказ за подпісам намесьніка старшыні Арцёма Цурана.
Арганізатары прасілі дазволу правесьці мітынг і канцэрт на стадыёне «Дынама» 25 сакавіка.
«Мне выдалі на рукі менавіта тое, што сказаў Лукашэнка. Афіцыйнае тлумачэньне адмовы, як гаворыцца ў рашэньні, — у зьвязку з тым, што на стадыёне „Дынама“ плянуецца правядзеньне Эўрапейскіх гульняў. Таму прадастаўленьне гэтай пляцоўкі, паводле ўладаў, немэтазгоднае для адзначэньня 101-й гадавіны БНР».
У сваёй першай заяўцы «Арт Сядзіба» і Партыя БНФ прасілі дазволу на мітынг і канцэрт да Дня Волі на стадыёне «Дынама».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША зьвязаў дазвол Дня Волі са зьняцьцем санкцыяў зь БеларусіАднак падчас размовы з журналістамі 1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «сьвяткаваньня БНР на „Дынама“ ня будзе», дадаўшы, што для правядзеньня «падобных акцыяў» існуе плошча Бангалёр.
Пасьля гэтага Партыя БНФ і «Арт Сядзіба» 4 сакавіка падалі новую заяўку на дэманстрацыю, мітынг і канцэрт да 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР.
Заяўнікі просяць дазволіць сьвяткаваньне 24 сакавіка на плошчы Свабоды, а таксама каля Палацу спорту.
«Пасьля заявы Лукашэнкі 1 сакавіка на „вялікай размове“, калі ён забараніў старшыні Менгарвыканкаму Анатолю Сіваку прадстаўляць стадыён „Дынама“, мы іншага рашэньня і не чакалі.
Таму мы падалі іншую заяўку з просьбай вылучыць пляцоўку альбо на плошчы Свабоды (варыянт № 1), альбо каля Палацу спорту (варыянт № 2). Адказу яшчэ няма», — сказаў Рыгор Кастусёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арганізатары #БНР101 адказалі на забарону Лукашэнкі правесьці сьвяткаваньні на стадыёне «Дынама»Паводле Кастусёва, падрыхтаваць такое вялікае мерапрыемства, як летась, «за малую колькасьць дзён вельмі складана».
«Будзем спадзявацца на станоўчае рашэньне», — сказаў ён.
На мінулым тыдні прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі атрымалі адмову ў правядзеньні мітынгу на Дзень Волі каля Опэрнага тэатру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менгарвыканкам забараніў мітынг ля Опэрнага тэатру на Дзень Волі