15 паліцыянтаў пацярпелі 9 сакавіка ў горадзе Чаркасы цэнтральнай Украіны ў сутычках з актывістамі арганізацыі «Нацыянальны корпус», якія спрабавалі прарвацца да месца, дзе выступаў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.
Сярод пацярпелых — начальнік управы паліцыі па Чаркаскай вобласьці Валер Люты. У паведамленьні паліцыі адзначаецца, што актывісты «сталі правакаваць на бойку шараговых грамадзянаў, ужылі да супрацоўнікаў паліцыі газ раздражняльнага дзеяньня, фізычную сілу, падпалілі фаеры і, нарэшце, паспрабавалі заблякаваць картэж першай асобы дзяржавы».
Ці ёсьць пацярпелыя сярод актывістаў — не паведамляецца.
Раней трое супрацоўнікаў праваахоўных органаў пацярпелі ў Кіеве каля будынку Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны, дзе таксама прайшла акцыя пратэсту.
Удзельнікі акцый, арганізаваных «Нацыянальным корпусам», патрабавалі прыцягнуць да адказнасьці асобаў з атачэньня прэзыдэнта, якіх падазраюць ва ўдзеле ў карупцыйных схемах у абарончым сэктары. Пасьля журналісцкага расьсьледаваньня Парашэнка звольніў намесьніка сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Юрыя Гладкоўскага.
«Тое, што сёньня на мітынгу Парашэнкі ў Чаркасах зрабілі прадстаўнікі Нацыянальнага корпусу — недапушчальна! Праведны гнеў пра карупцыйнае злачынства справядлівы, але ці можа ён спараджаць іншыя злачынныя дзеяньні? Відавочна, не», — напісаў у фэйсбуку кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў. У сувязі з сутыкненьнямі пачалі крымінальную справу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка: Украіне патрэбныя ракеты, здольныя паражаць цэлі далёка ў тыле Расеі