Хакеры з КНДР з дапамогай кібэратак выкралі са студзеня 2017 па верасень 2018 году каля 571 млн даляраў, паведамляе выданьне Nikkei, спасылаючыся на адпаведныя дадзеныя ў дакладзе камітэту Рады Бясьпекі ААН па санкцыях у дачыненьні да КНДР, які можа быць апублікаваны на працягу сакавіка.
Паводле ацэнак экспэртаў камітэту, у апошнія два гады Пхэньян зьдзейсьніў прынамсі пяць пасьпяховых узломаў крыптавалютных біржаў у розных краінах Азіі. Акрамя таго, КНДР магла выкарыстоўваць тэхналёгіі блокчэйну для абыходу дзейнага ў дачыненьні да яе рэжыму санкцыяў.
Таксама паўночнакарэйскія кампаніі сталі актыўна задзейнічаць акаўнты ў YouTube і Instagram для продажу вайсковай тэхнікі, што забаронена санкцыямі, гаворыцца ў дакладзе, які цытуе Nikkei.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея і Кітай заклікалі аслабіць санкцыі супраць Паўночнай КарэіПаводле дакладу, яшчэ адным сродкам, якія дазваляе Пхэньяну весьці забароненую гандлёвую дзейнасьць у моры, стаў мэсэнджар WeChat. У прыватнасьці, прадаўцы з дапамогай перапіскі паказвалі каардынаты сваіх судоў, да якіх потым падыходзілі паўночнакарэйскія катэры і танкеры, каб перагрузіць тавары ці перапампаваць нафту.
Таксама экспэрты далажылі Радзе Бясьпекі ААН пра тое, што пляны Пхэньяну ў сфэры ядзерных боегаловак і балістычных ракет застаюцца нязьменнымі.
У дачыненьні да КНДР дзейнічае санкцыйны рэжым, які прадугледжвае ў тым ліку фінансавыя санкцыі, зброевае эмбарга, забарону на пастаўкі ракетнага паліва, абсталяваньня і матэрыялаў падвойнага прызначэньня, а таксама экспарт з краіны вугалю, жалеза, сьвінцу, морапрадуктаў і іншай прадукцыі.