Брытанскі сайт Cable, які займаецца параўнаньнем цэнаў на паслугі сувязі, апублікаваў рэйтынг коштаў мабільнага інтэрнэту ў розных краінах сьвету. Беларусь аказалася на 48 месцы паводле таннасьці.
Найбольш танным названы мабільны інтэрнэт у Індыі — у сярэднім 26 цэнтаў за 1 Гб. Сьледам — краіны былога СССР: Кіргізстан, Казахстан і Ўкраіна (27, 49 і 51 цэнт адпаведна).
Беларусь, дзе ў сярэднім 2,36 даляра за 1 Гб, паставілі паміж Зымбабвэ і Турэччынай (46–47 месца), Лесота і Аўстраліяй (49–50 месца). Ніжэйшыя за Беларусь цэны ёсьць ня толькі ў краінах з заробкамі, ніжэйшымі за Беларусь, але і ў багацейшых — напрыклад, у Аўстрыі, Італіі, Фінляндыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расеец багацейшы за беларуса на 47 бігмакаў, але жыве горш. Чаму такМабільны інтэрнэт каштуе менш, чым у Беларусі, таксама ў Расеі (3 месца, 91 цэнт), Польшчы (21 месца, 1,32 даляра), Літве (41 месца, 2,06 даляра). З суседзяў цэны вышэйшыя толькі ў Эстоніі (80 месца, 3,67 даляра) і Латвіі (141 месца, 7,12 даляра).
У канцы рэйтынгу — Экватарыяльная Гвінэя і Зымбабвэ, дзе 1 Гб мабільнага інтэрнэту каштуе адпаведна 65 і 75 даляраў. Сярэдняя цана ва ўсім сьвеце — 8,53 даляра.
Рэйтынг улічвае не мінімальную даступную цану тарыфу, а менавіта сярэднюю з розных тарыфаў. Напрыклад, калі нейкі тарыф прадугледжвае 10 Гб трафіку за 30 даляраў, то дасьледчыкі лічаць гэта як 1 Гб за 3 даляры.
Цяпер у Беларусі дзейнічаюць тры мабільныя апэратары. МТС мае 5,5 млн абанэнтаў, velcom — 4,873 млн, life:) — 1,6 млн. У краіне ўжо даўно больш сім-картак, чым жыхароў: прыблізна кожны чацьвёрты мае па дзьве сімкі. З трох апэратараў толькі два прапануюць інтэрнэт паводле стандарту 4G – частотамі распараджаецца напаўдзяржаўная кампанія «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», зь якой больш як тры гады ня можа дамовіцца апэратар velcom.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінец бяднейшы за беларуса на 42 бігмакі