«З уладай як з дранікамі — наеўся і ізноў хочацца»

Лукашэнка прымае прысягу, 1994.

25 гадоў Канстытуцыі незалежнай Беларусі – што яна дала краіне? Ці вызначае Канстытуцыя дзяржаўны лад? Што хоча памяняць у Канстытуцыі Лукашэнка?

Пра гэта – у перадачы, якую вядзе Ганна Соўсь. У ёй удзельнічаюць Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст, зь Менску – Віталь Цыганкоў.

Сьцісла

  • Дракахруст: Відавочна, што Лукашэнка ўжо думае, што будзе пасьля яго.
  • Навумчык: Лукашэнка будзе заставацца на пасадзе кіраўніка краіны да канца.
  • Цыганкоў: Гэтая заява нічога канкрэтнага ня кажа пра палітычную будучыню Беларусі.

«Выбары скасаваць ці на 10 гадоў абірацца — гэта для яго не праблема»

15 сакавіка 1994 году Вярхоўны Савет Беларусі прыняў першую Канстытуцыю незалежнай краіны. Менавіта на ёй пазьней прыносіў прысягу першы і пакуль адзіны прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Падчас нядаўняй шматгадзіннай прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік Беларусі паведаміў пра пляны зьменаў у Канстытуцыі, адказваючы на пытаньне нашага калегі Валянціна Жданко.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На той сьвет мяне з прэзыдэнцкага крэсла не панясуць, — Лукашэнка адказаў на пытаньне Свабоды

Ганна Соўсь: Лукашэнка сказаў, што Канстытуцыю давядзецца мяняць, прычым, ужо пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Але толькі ў самым агульным выглядзе намякнуў на тое, што ў ёй варта памяняць. Юры, як вы лічыце — пра што ідзе гаворка?

Юры Дракахруст: Мяркуючы нават па ягоных агаворках, а таксама па міжнародным досьведзе, хутчэй за ўсё гэтыя зьмены ня будуць працягам тэндэнцыі рэфэрэндумаў 1996 году і 2004 году, якія былі скіраваныя на пашырэньне паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы, пазбаўленьне ад абмежаваньняў. Зараз ад якіх абмежаваньняў? Выбары скасаваць ці на 10 гадоў абірацца — гэта для яго не праблема. Для мяне відавочна, што ён ужо думае, і так яго Валянцін і спытаў, што будзе пасьля яго. Як чалавек, які ўжо ня першы год пры ўладзе, ён думае, як зрабіць так, каб пасьля яго не пачалася вайна ўсіх супраць усіх. Ён думае, як перадаць некія паўнамоцтвы, як пераразьмеркаваць паўнамоцтвы. Я думаю, што ўсё ж накірунак будзе ў гэты бок.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці будуць пераемнікі і ці зьявіцца новая Канстытуцыя? Лукашэнка адказаў на пытаньні Свабоды

Нешта падобнае зрабілі іншыя ўладары на постсавецкай прасторы. Назарбаеў і Аліеў зрабілі канстытуцыйныя зьмены, і нельга сказаць, што гэта зьмены ў накірунку пашырэньня паўнамоцтваў прэзыдэнта. Яны і так там як фараоны. Але ўсе ўжо думаюць пра тое, што будзе пасьля іх, і ніхто ня хоча, каб пачалася нейкая вайна. А ёсьць меркаваньне, якое людзі дэмакратычных поглядаў часам не ўлічваюць. Як казаў герой Пушкіна, цяжкая ты, шапка Манамаха. Шапка Манамаха сапраўды цяжкая. І несьці такую колькасьць паўнамоцтваў — гэта і галаву можа раздавіць. І таму, магчыма, Лукашэнка і прыкідвае, што пераемніку ня трэба такую ўжо цяжкую шапку насіць.

«Гэта заявы на сёньняшні дзень і гэта нічога не гарантуе»

Ганна Соўсь: Лукашэнка таксама сказаў, што на той сьвет ён ня пройдзе з пасады прэзыдэнта. Вось у Альжыры прэзыдэнту 82 гады, ён ледзь не ў каматозным стане, але балятуецца. Лукашэнка так ня хоча? Ці сёньня ня хоча?

Віталь Цыганкоў: Сапраўды, так ня хоча. Ці сёньня ня хоча так. Можна ўзгадваць самыя розныя заявы Аляксандра Лукашэнкі. «Будзе Лукашэнка 12 гадоў, не хвалюйцеся» — казаў ён у 1996 годзе. Тады ён зьмяніў Канстытуцыю, адбыўся фактычна дзяржаўны пераварот, калі ён разагнаў Вярхоўны савет і даў устаноўку, што будзе два тэрміны. Магчыма, ён тады і ня думаў, што будзе і трэці, і чацьверты, і пяты тэрмін. Можна згадаць, як часта ён паўтарае апошнія год-два, што ён наеўся гэтай улады, і ўсім нам з надзеяй хочацца пачуць, што, сапраўды, размова ідзе пра падрыхтоўку да новай Канстытуцыі. У новай Канстытуцыі, напэўна, будуць пераразьмеркаваныя паўнамоцтвы, і размова, сапраўды, ідзе пра транзыт улады нейкай іншай асобе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яраслава паслаць у калгас, жанчынам — зьняць штаны. 33 ЦЫТАТЫ Лукашэнкі зь «Вялікай размовы». У карцінках

Наконт таго, што наеўся ўлады... Бывае, што наеўся чалавек чагосьці смачнага, дранікаў, напрыклад, і здаецца, што ніколі больш ня хочацца гэтых дранікаў есьці. Прайшло два-тры дні, усё забылася і зноў можна дзьве талеркі гэтых дранікаў зьесьці. Так і з той уладай. Сёньня ён кажа і, магчыма, шчыра кажа (уявім такое, што Лукашэнка можа шчыра казаць), што наеўся ўлады і больш ня хочацца. А раптам праз пяць гадоў, калі будзе заканчвацца наступны тэрмін, ён зноў падумае, што няма каму аддаваць, сытуацыя цяжкая. Беларусь без мяне куды падзенецца. І ізноў будзе працягваць. Я б так і ўспрымаў, што гэта — заявы на сёньняшні дзень і гэта нічога не гарантуе. Гэта нічога канкрэтнага нам ня кажа пра палітычную будучыню Беларусі.

«Не адказвае Міколка Лукашэнка за дзеяньні свайго бацькі»

Ганна Соўсь: Аляксандар Лукашэнка таксама падчас гэтай прэсавай канфэрэнцыі сказаў, што ня мае намеру перадаваць уладу сынам. Але, здаецца, ня раз раней ён рабіў намёкі, што такі намер мае. Днямі зьявілася навіна пра арышт дачкі ўзбэцкага памерлага дыктатара Іслама Карымава Гульнары. Лёс дзяцей дыктатараў пасьля іх сьмерці, з большага, калі не трагічны, то сумны. Ці варта сур’ёзна аналізаваць заявы пра тое, мае ці ня мае Лукашэнка намер перадаваць сынам уладу?

Сяргей Навумчык: Я мяркую, што Лукашэнка нікому перадаваць уладу ня будзе. Ён будзе заставацца на пасадзе кіраўніка краіны да канца. Наколькі ён зможа заставацца, столькі і будзе. Што выклікае трывогу. Калі 25 гадоў таму Канстытуцыя прымалася (дарэчы, Лукашэнка быў членам канстытуцыйнай камісіі), былі сотні старонак стэнаграмаў дыскусій, сотні публікацый у газэтах. Гэта сапраўды было ўсенароднае абмеркаваньне, як тады казалі. Хто быў зацікаўлены, выказваўся. Два ці тры гады ішлі дэбаты і наконт прэзыдэнцтва, і наконт падзелу ўладаў. Зараз грамадзтву прапануецца кот у меху. Ненармальная сытуацыя, што мы сядзім тут і прагназуем, што меў на ўвазе Лукашэнка. У нармальнай краіне гэта павінна ісьці ад грамадзтва. Грамадзтва павінна прапаноўваць, а не адзін чалавек Ён і сам, можа, ня ведае, што ён хоча. У гэтым закладзеная вялікая бомба.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыя-94: “бомба пад дзяржаву”

Калі 25 гадоў таму прымалі Канстытуцыю, я казаў, што гэтае прэзыдэнцтва — бомба пад дзяржаву. Сёньня я скажу, што такая форма прыманьня Канстытуцыі — сапраўды бомба, і бомба пад грамадзтва. Вы прыгадалі пра Карымава. Невядома, сапраўды, як яно можа выбухнуць. Я перакананы, што дзеці за бацькоў не адказваюць. Не адказвае Міколка Лукашэнка за дзеяньні свайго бацькі, і не павінна так быць. Я лічу, што трэба спыняць усялякія размовы наконт гэтага. Але сыдзе калі-небудзь Лукашэнка. Усе мы ходзім пад Богам, і што сапраўды будзе зь дзецьмі і ўнукамі. Калі ў грамадзтве назапашваецца злосьць і нянавісьць, то яна можа выплюхнуцца на абсалютна невінаватых людзей. Пра гэта, магчыма, ён сапраўды думае.