У Харкаве за супрацу з Расеяй затрымалі чыноўніка. Ён сустракаўся са сваім куратарам у Менску

Ілюстрацыйнае фота

Дэпартамэнт контравыведкі Службы бясьпекі Ўкраіны затрымаў чыноўніка Харкаўскай гарадзкой рады, які быў завэрбаваны Фэдэральнай службай бясьпекі Расеі — яму выставілі абвінавачаньне ў дзяржаўнай здрадзе і арыштавалі на час расьсьледаваньня.

Паводле інфармацыі СБУ, ён працаваў на пасадзе намесьніка дырэктара аднаго з дэпартамэнтаў Харкаўскай гарадзкой рады і быў завэрбаваны «палкоўнікам ФСБ Расеі Ўшаковым».

«Грамадзянін Украіны быў даволі каштоўнай крыніцай інфармацыі для расейскай спэцслужбы. Аб гэтым сьведчыць, у прыватнасьці, тое, што Ўшакоў праводзіў сустрэчы зь ім на тэрыторыі трэціх краін — у Празе (Чэхія), Салоніках (Грэцыя), Менску (Беларусь), а таксама неаднаразова на тэрыторыі Расеі ў горадзе Белгарадзе. Усе паездкі ён легендаваў турыстычнымі мэтамі або ўдзелам у розных грамадзкіх захадах», — паведаміў сёньня на брыфінгу ў Кіеве прадстаўнік Дэпартамэнту контравыведкі СБУ Ўладзімір Насьцюк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве арыштавалі бізнэсоўца, якога вінавацяць у працы на ФСБ

​Паводле яго, украінскі чыноўнік перадаваў Расеі інфармацыю аб грамадзка-палітычных арганізацыях і супрацоўніках рэгіянальнай улады.

Адначасова Ўладзімір Насьцюк заклікаў грамадзян Украіны, плянуючы свае паездкі ў Расею, улічваць пагрозы магчымай вярбоўкі:

«Спэцслужбы РФ выкарыстоўваюць усе магчымыя формы, мэтады і спосабы, каб завэрбаваць нашых грамадзян, у тым ліку адкрыты шантаж і правакацыі».

Прадстаўнік СБУ зьвярнуў увагу на тое, што Аляксандар Ушакоў — афіцэр 2-й службы ФСБ Расеі, сярод асноўных задач якой — жорсткі кантроль менавіта ў грамадзка-палітычнай сфэры. Паводле Ўладзіміра Насьцюка, «афіцэр ФСБ РФ фігуруе як памочнік міністра адукацыі Ніжагародзкай вобласьці Расеі — гэтая пасада дазваляла яму ўдзельнічаць у розных адукацыйных і навуковых мерапрыемствах і наладжваць адносіны з прадстаўнікамі мясцовай улады Ўкраіны».