Кіеўскі апэляцыйны суд у панядзелак прыняў рашэньне узяць пад варту без магчымасьці ўнесьці заклад бізнэсоўца Цімафея Нагорнага. Перад гэтым у Службе бясьпекі Украіны заявілі, што Нагорны працаваў ва Ўкраіне па заданьні ФСБ Расеі і павінен быў стварыць палітычную партыю, каб дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне.
Паводле кіраўніка ўпраўленьня СБУ ў Кіеве і Кіеўскай вобласьці Алега Валендзюка, гэтая партыя павінна была прыняць удзел у выбарах і лябіяваць інтарэсы Расеі, перашкаджаць ўступленьню Ўкраіны ў Эўразьвяз і NATO, а таксама ставіць пытаньне аб наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай ва Украіне. СБУ пачало супраць Нагорнага справы па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Ўкраіны: «Дзяржаўная здрада» і «Махлярства».
4 кастрычніка Пячэрскі раённы суд Кіева вырашыў арыштаваць Нагорнага на два месяцы, але з правам выхаду пад заклад. Ён скарыстаўся ім і выйшаў на волю 11 кастрычніка. Пракуратура падала скаргу на рашэньне Пячэрскага суду. 22 кастрычніка Апэляцыйны суд Кіева скасаваў ранейшае рашэньне Пячэрскага раённага суду Кіева.
Нагорны абвінавачваньні адпрэчвае, а ў Маскве інфармацыю аб ягонай справе пакуль не камэнтавалі.
Цімафей Нагорны — украінскі бізнэсовец, мэцэнат, грамадзкі дзеяч, прадусар, прэзыдэнт «Фонду валянтэраў Украіны», дырэктар міжнароднай кампаніі «Спорт-Сэрвіс». З 2004 па 2009 год быў жанаты з украінскай гімнасткай, алімпійскай чэмпіёнкай 1996 году Ліліяй Падкапаевай.