На базе менскага Атраду міліцыі асаблівага прызначэньня ва Ўруччы 5 сакавіка адбылася цырымонія адкрыцьця памятнага знаку ў форме арла, паведамляе ГУУС Менгарвыканкаму.
Падобныя скульптуры ў гонар АМАП ужо адкрывалі ў Беларусі: арла ў Магілёве паўтара года таму, каршуна ў Гомлі і беркута ў Віцебску ў мінулым лістападзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар культуры абурыўся новымі беларускімі помнікамі: «Нізкі мастацкі ўзровень»На цырымоніі, прымеркаванай да Дня міліцыі, прысутнічалі міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч, начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Мікалай Мельчанка, камандуючы ўнутранымі войскамі Юрый Караеў і начальнік менскай міліцыі Сяргей Дарошка.
Шуневіч заклікаў «захаваць для нашчадкаў веліч кожнага супрацоўніка» АМАП і захаваць памяць пра «гераічныя прыклады служэньня народу і Айчыне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шуневіч: грамадзянін павінен бачыць у міліцыянце «чалавека, гатовага дапамагчы». А як папраўдзе?Паводле міліцэйскага сайту, «скульптура ганарлівага і ваяўнічага арла ўвасабляе гатоўнасьць супрацоўнікаў атраду выбыць у любы пункт Менску для затрыманьня небясьпечных злачынцаў, аказаньня дапамогі ў падтрымцы правапарадку і грамадзкай бясьпекі».
Аўтар скульптуры — народны мастак Чачэнскай Рэспублікі і заслужаны мастак Рэспублікі Дагестан Хізры Асадулаеў.