Насамрэч
Вядомы амэрыканскі інстытут Гэлапа публікуе «Рэйтынг закону і парадку», апытваючы жыхароў розных краінаў пра давер да праваахоўнікаў, адчуваньне бясьпекі ўначы на вуліцы і ўласны досьвед сутыкненьня са злачынствамі. У гэтым рэйтынгу Беларусь толькі на 75-м месцы са 142 у сьвеце. Гэта далёка ня «самая бясьпечная» краіна (як Сынгапур, Нарвэгія, Ісьляндыя ці Фінляндыя), а даволі сярэдняя (як Турэччына, Танзанія і Баўгарыя).
У шырэйшым «Усясьветным рэйтынгу міру» ад незалежнага Інстытуту эканомікі і міру Беларусь займае яшчэ горшую пазыцыю: 101-е месца са 163 краінаў — між Папуа — Новай Гвінэяй, Тога, Грузіяй і Руандай. Гэты рэйтынг улічвае ня толькі бясьпеку, за якую адказвае міліцыя, але і ўнутраныя і міжнародныя канфлікты, мілітарызацыю і міралюбнасьць.
Паводле колькасьці забойстваў на душу насельніцтва Беларусь таксама мае не найлепшую пазыцыю ў сьвеце. Так, у статыстыцы Ўпраўленьня ААН па наркотыках і злачыннасьці Беларусь 112-я з 230 краінаў (у 1-й з гэтага шэрагу справы стаяць найгорш, у 230-й — найлепш). У Беларусі, згодна з гэтымі зьвесткамі, адбываецца 3,58 забойства на 100 тысяч жыхароў на год. Для параўнаньня: у Польшчы — 0,67 забойства (198 месца), у Расеі — 10,82 забойства на 100 тысяч жыхароў (42 месца).
Падзяліцеся ў сацыяльных сетках са сваімі сябрамі