Ірына Акуловіч паведаміла, куды пойдуць грошы ад «справы БЕЛТА»

Кіраўніца БЕЛТА Ірына Акуловіч.

Генэральная дырэктарка БЕЛТА Ірына Акуловіч адмовілася падрабязна камэнтаваць рашэньне суду адносна галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай.

4 сакавіка суд пакараў Марыну Золатаву штрафам у памеры 7650 рублёў. Таксама Золатава мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) у памеры 6000 рублёў. Да набыцьця прысуду законнай сілы Марына Золатава застаецца пад падпіскай пра нявыезд.

«Я не камэнтую рашэньне суду: ёсьць суд, ён вынес абвінаваўчы прысуд. Я яго не камэнтую. Пракурор прасіў, тое, што лічыў патрэбным, а суд даў тое, што палічыў патрэбным», — сказала карэспандэнту Свабоды Ірына Акуловіч.

Акуловіч сказала, што паводле закону пазоўнік меў права патрабаваць кампэнсацыі сваіх судовых выдаткаў.

«Мы гэта зрабілі», — сказала кіраўніца БЕЛТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі прысуд у «cправе БелТА»: Марыну Золатаву пакаралі буйным штрафам

Грошы, якія атрымае БЕЛТА ў выніку суду і штрафаў, сплачаных таксама іншымі фігурантамі справы, «ня будуць скарыстаныя ў рэдакцыі», заявіла Акуловіч.

«Гэтыя сумы будуць перададзеныя на дабрачыннасьць. Мы заключылі дамову зь беларускім дзіцячым госьпісам. 58 тысяч рублёў будуць накіраваныя ў беларускі дзіцячы госьпіс. Астатняя сума таксама пойдзе на дабрачыннасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэпартэры бязь межаў» асудзілі пакараньне галоўнай рэдактарцы Tut.by

БЕЛТА і газэта «СБ.Беларусь сегодня» паведамілі ўчора аб заканчэньні судовага працэсу ў рубрыках «Здарэньні» і «У рэгіёнах». У загалоўках паведамленьняў робіцца акцэнт на тым, што «суд прызнаў Золатаву вінаватай».