На парлямэнцкіх выбарах у Эстоніі кіроўная Партыя цэнтру пацярпела паразу, саступіўшы першае месца лібэральнай Партыі рэформаў. Менавіта яе лідэрка Кая Калас стане наступным прэм’ерам краіны. У эстонскай сыстэме паўната ўлады знаходзіцца менавіта ў руках кіраўніка ўраду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыйная правацэнтрысцкая Партыя рэформаў перамагае на парлямэнцкіх выбарах у Эстоніі1. Каі Калас 41 год. Мае дзьве адукацыі – юрыдычную і эканамічную. Пэўны час працавала памочніцай рэжысэра тэатру. Была дэпутаткаю Эўрапарлямэнту і парлямэнту Эстоніі – Рыйгікогу.
2. Бацька Каі Калас – былы эстонскі прэм’ер і былы віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі Сійм Калас. Менавіта ён і заснаваў Партыю рэформаў, якой кіруе цяпер дачка. Маці ў шасьцімесячным узросьце была дэпартаваная ў Сібір і жыла там да дзесяці гадоў. Прадзед Калас быў першым кіраўніком эстонскай паліцыі і стваральнікам добраахвотнай парамілітарнай арганізацыі Кайтсэлійт.
3. Вострая на язык. Выклікала ў краіне скандал, назваўшы былога прэм’ера Юры Ратаса палітбройлерам, які “на кожным вясельлі ён жаніх і нябожчык на кожным пахаваньні”. Прынесьці прабачэньні Ратасу яе прасіла сама прэзыдэнтка, але Калас гэтага не зрабіла.
4. Эканамічная і ідэалягічная лібэралка. Лічыць, што “дзяржава не павінна займацца прадпрымальніцтвам там, дзе гэтым могуць займацца прадпрымальнікі”. Перад выбарамі яна паабяцала, што ў выпадку прыходу да ўлады ня будзе чапаць неабкладаны падаткам прыбытак да 500 эўра, адменіць бясплатны транспарт у правінцыі і не пагодзіцца з кампэнсацыяй шкоды для цэркваў, нанесенай падчас вайны і акупацыі. Калас выступае таксама з прапановай адмовіцца ад бясплатнай адукацыі.
5. Эканамічную палітыку яна абяцае будаваць такім чынам, каб Эстонія ў будучыні магла даць рады без датацыяў Эўразьвязу. Адзіны шлях для маленькай краіны, на яе думку – гэта эканоміка, заснаваная на ведах.
6. Плянуе скарачаць колькасьць чыноўнікаў. Абяцае працягнуць ініцыяваную ёю кампанію ўвядзеньня ў дзяржаве нулявой бюракратыі.
7. Калас паабяцала, што сярэднія заробкі настаўнікаў на працягу чатырох гадоў вырастуць да 2000 эўраў за месяц. Пэнсіянэрам яе партыя абяцае рост пэнсій на 200 эўраў за месяц на працягу чатырох гадоў, а таксама ўвесьці падатковыя льготы для працуючых пэнсіянэраў.
8. Мае таксама цьвёрдую пазыцыю наконт адукацыі на эстонскай мове. Абяцае ўвесьці адзіную сыстэму адукацыі на эстонскай, бо, паводле Калас, інтэграцыю грамадзтва можа паскорыць толькі перавод на эстонскую мову ўсёй сыстэмы адукацыі, пачынаючы зь дзіцячага садка.
9. Будучая прэм’ерка заяўляла, што эстонская мова і культура маюць патрэбу ў беражлівай абароне з прычыны маленькага памеру краіны. Яе партыя ня мае намеру адмаўляцца ад патрабаваньняў валоданьня эстонскай мовай для ахвотных атрымаць грамадзянства Эстоніі.
10. Замужам. Мае траіх дзяцей.