4 сакавіка суд пакараў Марыну Золатаву штрафам у памеры 7650 рублёў (300 базавых велічынь). Таксама Золатава мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) у памеры 6000 рублёў.
Заснавальнік Tut.by Юрый Зісер пракамэнтаваў Свабодзе гэты прысуд:
«Цалкам зразумела ўсім, што Марына не вінаватая. Але ўлічваючы мэты, якія ставілі перад сабой замоўнікі гэтай справы, і спэцыфіку нашага правасудзьдзя, гэта яшчэ мяккі прысуд, і я лічу яго перамогай. А ўжо што будзе рабіць Марына, абскарджваць ці не, ня ведаю. Я думаю, ёй і ўсім усё гэта ўжо надакучыла».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі прысуд у «cправе БелТА»: Марыну Золатаву пакаралі буйным штрафамПаводле Юрыя Зісера, прысуд мяккі, бо магло быць і горш.
«Магло быць горш: калі не турма, дык магло быць пазбаўленьне права займаць пасады. Мог быць такі штраф, які пракурор запрасіў.
Але ўсё роўна вялікі штраф і судовыя выдаткі юрыстаў БелТА. І яшчэ дагэтуль аплочаны нібыта ўрон, які панесьлі. А ніякага ўрону там не было. Там налічылі нейкія астранамічныя сумы. Хоць Марына адзіная зь фігурантак справы БелТА, якая не карысталася гэтай стужкай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праслухоўваньне тэлефонаў, ананімкі і роля кіраўніка БТ. Загадкі «справы БелТА», пра якія мы даведаліся ў судзеПаводле Зісера, ва ўладаў не было палітычна іншага выйсьця, як прызнаць Марыну Золатаву вінаватай.
«Яны самі сябе ў гэта загналі. Проста не магло быць нешта іншае. Хаця абвінавачаньне падчас суду зусім развалілася. Нават тыя хісткія падпоркі, якія былі».
Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць
- Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
- Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
- 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
- Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
- «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
- Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
- Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
- Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.