Архіяпіскапа ПЦУ Клімента абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы на рынку ў Сімферопалі

Архіяпіскап Сімферопальскі і Крымскі Клімент

Архіяпіскапа Крымскай япархіі Праваслаўнай царквы Украіны (ПЦУ) Клімента расейскія сілавікі абвінавацілі ў тым, што ён, знаходзячыся на сімферопальскім рынку, «лаяўся нецэнзурнай лаянкай». Пра гэта архіяпіскап Клімент паведаміў сайту Крым.Реалии.

Архіяпіскап Клімент паведаміў, што яго перавозяць у Кіеўскі райаддзел Упраўленьня МУС Расеі па Крыме.

«Выпусьцілі мяне з Цэнтральнага райаддзелу. Цяпер вязуць у Кіеўскі райаддзел гораду Сімферопалю. Абвінавачваюць мяне ў тым, што я знаходзіўся на рынку каля аўтавакзалу і лаяўся нецэнзурнай лаянкай», — расказаў Крым.Реалии архіяпіскап Клімент.

Раней паведамлялася, што архіяпіскапа Клімента затрымалі на аўтавакзале Сімферопалю нібыта паводле падазрэньня ў наяўнасці ў яго торбах рэчаў, «скрадзеных з царквы». Архіяпіскап Клімент паведаміў, што справа супраць яго сфабрыкаваная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крыме затрыманы ўкраінскі архіяпіскап, які ехаў на суд над затрыманым у Беларусі Паўлам Грыбам

У Міністэрстве замежных справаў Украіны занепакоеныя паведамленьнямі аб затрыманьні расейскімі сілавікамі ў анэксаваным Расеяй Крыме архіяпіскапа ПЦУ Клімента. Украінскае зьнешнепалітычнае ведамства мае намер прыцягнуць увагу гэтаму факту на міжнародных пляцоўках, у тым ліку ў ААН, АБСЭ і Радзе Эўропы.

Паводле дадзеных прэс-службы ПЦУ, арцыбіскуп Клімент, які таксама займае пасаду старшыні Праваслаўнай місіі дапамогі ахвярам парушэньня правоў чалавека і асобам, пазбаўленым свабоды, плянаваў наведаць судовы разбор справы арыштаванага ў Расеі грамадзяніна Ўкраіны Паўла Грыба ў Растове-на-Доне.

Расійскія сілавікі не камэнтуюць інфармацыі аб затрыманьні архіяпіскапа Клімента.

Раней стала вядома, што расейскія ўлады ў Крыме накіравалі прадпісаньне аб «вызваленьні памяшканьняў» Катэдральнага сабора сьвятых роўнаапостальных Уладзіміра і Вольгі ў Сімферопалі, у якім праходзілі набажэнствы УПЦ Кіеўскага патрыярхату.

13 лютага ў расейскім Міністэрстве маёмасьці Крыму растлумачылі патрабаваньне да Крымскай япархіі УПЦ КП пакінуць будынак Катэдральнага сабора ў Сімферопалі заканчэньнем тэрміну дзеяньня дамовы зь япархіяй УПЦ КП, якая перайшла ў створаную Праваслаўную царкву Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усяленскі патрыярх уручыў томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Ўкраіны. ВІДЭА

У пачатку студзеня ў Стамбуле, у рэзыдэнцыі Сусьветнага патрыярхату на Фанары, Сусьветны патрыярх Варфаламей урачыста ўручыў кіраўніку створанай Праваслаўнай царквы Ўкраіны мітрапаліту Эпіфанію Томас аб прызнаньні кананічнай аўтакефаліі ПЦУ.

У Расейскай праваслаўнай царкве лічаць, што падпісаньне Томасу для Ўкраінскай аўтакефальнай царквы «канчаткова адарвала» Сусьветнага патрыярха Варфаламея ад сусьветнага праваслаўя. 15 кастрычніка летась сынод РПЦ прызнаў немагчымым далейшыя эўхарыстычныя зносіны з Канстантынопалем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: РПЦ спыніла стасункі з Канстантынопалем. ВІДЭА заявы